У Музеі Максіма Багдановіча з 30 студзеня 2019 года працуе выстаўка
« Дзяды і бацькі нашу мову стварылі », прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.
Мова – жывая грамадская з’ява. Яе развіццё абумоўлена асаблівасцямі гісторыі і жыцця народа.
На пачатку ХХ ст. была знята забарона карыстацца беларускай мовай, друкаваць на ёй. У гэты час інтэнсіўна выпрацоўваліся лексічныя, арфаграфічныя, граматычныя нормы беларускага правапісу, пачалі стварацца падручнікі для беларускіх школ, важнай крыніцай вывучэння беларускай мовы сталі слоўнікі. У мастацкую літаратуру прыйшлі пісьменнікі магутнага таленту: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка (Алаіза Пашкевіч), якія стварылі вершы і паэмы, што ўпершыню ў гісторыі беларускай літаратуры дасягнулі сусветнага мастацкага ўзроўню.
На выстаўцы прадстаўлены слоўнікі, падручнікі і навуковыя працы па беларускай мове, кнігі-даследаванні жыцця і творчасці класікаў беларускай літаратуры, а таксама кнігі вядомых пісьменнікаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства:
Я.Лёсік «Граматыка беларускае мовы. Фонэтыка»
Цётка «Першае чытанне для дзетак беларусаў»
Я.Станкевіч «Зьмена граматыкі беларускага языка ў БССР»
Я.Станкевіч «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак»
Я.Карскі «Беларускі народ і яго мова»
«Францішак Бенядзікт Багушэвіч. Жыццё і творчасць»;
Н.Ватацы «Максім Багдановіч»
Л.Арабей «Цётка (Алаіза Пашкевіч)»
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены медалі:
«Максім Багдановіч 1891-1917»
«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай»,
а таксама пісьмовыя прылады і прадметы побыту канца ХІХ – першай паловы ХХ ст.
Запрашаем на выстаўку! Уваход для ўсіх – 5 капеек!
Музей працуе з 10.00 да 18.00 (панядзелак – выходны).