6 ліпеня 2020 года споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Пятра Глебкі (1905-1969), беларускага паэта, драматурга, перакладчыка, грамадскага дзеяча, акадэміка АН БССР.
Пасля заканчэння БДУ у 1930 г. П.Глебка працаваў загадчыкам літаддзела ў газеце «Калгаснік Беларусі», у 1934-1936 гг. – кансультант па паэзіі ў СП БССР. Падчас Вялікай Айчыннай вайны – у рэдакцыях франтавых газет. Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў «Партызанскай дубінцы». У 1943-1945 гг. – рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь», галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве. З 1945 г. працаваў у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР, узначальваў групу па складанні «Руска-беларускага слоўніка» (1953), з 1957 г. – дырэктар Інстытута мовазнаўства. У 1957-1969 гг. П.Глебка узначальваў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1966-1969 гг. – акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук БССР.
У фондах «Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея» захоўваецца рукапіс паэмы П.Глебкі «У тыя дні» (1937 год, 35 аркушаў).
На тытульным лісце зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» (1927 год) зроблены дароўны надпіс ад Пятра Глебкі: «Гродзенскаму Гісторыка-/ Археалагічнаму музею / 16/ХІ- 47 г. (подпіс)».