З 28 жніўня 2019 года Музей Максіма Багдановіча запрашае на выстаўку «Крыніца мудрасці, ведаў і навукі…», прымеркаваную да Дня беларускай пісьменнасці.
Кожная літаратурная мова мае сваю гісторыю, праходзіць свой адметны шлях, неаддзельны ад гісторыі народа. Дзякуючы роднай мове мы пераймаем вопыт, традыцыі і веды. Яна фарміруе непарыўную сувязь паміж пакаленнямі і служыць асновай для народа.
Выстаўка знаёміць з чытанкамі і лемантарамі беларускай мовы. Прадстаўлены выданні першай паловы і сэрэдзіны ХХ ст.:
- С.Паўловіч «Першыя зярняткі» (Вільня, 1936)
- Я.Станкевіч «Падручнік крывіцкае (беларускае) мовы» (Рэгенсбург, 1947)
- Цётка «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (факсімільнае выданне, Мінск, 1992)
- В.Пануцэвіч «Чытанка» (Чыкага, 1958)
- «Лемантар для школаў і хатняга навучання» (Нью-Ёрк, 1964)
- З.Гансероўская, Я.Вернер, Г.Вутке «Прырода з геаграфіяй для ІІІ класа» (Варшава, 1957)
Яны спалучалі навучанне з гумарам, гульнёй і забавай і адкрывалі для вучняў-беларусаў знаёмы з дзяцінства свет: штодзённыя сялянскія клопаты, догляд за жывёлай, справы ў хаце. Часта аповед у творах вёўся ад імя дзіцяці.
Тых жа прынцыпаў прытрымліваліся і аўтары пазнейшых выданняў і ўключалі ў падручнікі апавяданні, вершы, казкі, прыказкі, прымаўкі, прыпеўкі, загадкі:
- Л.Гайдук, М.Гайдук «Зярняткі» (Варшава, 1987)
- В.Вячорка, Н.Маскаленка, П.Садоўскі «Чытанка для дзіцячага сада» (Мінск, 1990)
Экспануюцца кнігі сучасных дзіцячых пісьменнікаў для якіх, як і раней, на першым плане застаецца станаўленне гарманічна развітай асобы чалавека, маральна-этычнае выхаванне маленькіх чытачоў. Да ўвагі наведвальнікаў выданні сучасных гродзенскіх аўтараў:
- Г.Скаржынская-Савіцкая «Вечарынка» (Гродна, 2008)
- В.Кудлачоў «Сонца ранак падарыла» (Гродна, 2008)
Крыніцай багатага ілюстрацыйнага матэрыялу з’яўляюцца слоўнікі:
- І.Насовіч «Слоўнік беларускай мовы» (Мінск, 1983)
- А.Цыхун «Скарбы народнай мовы» (Гродна, 1993)
- Ф.Янкоўскі «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» (Мінск, 1962)
- М.Даніловіч «Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны» (Гродна, 2000)
На выстаўцы таксама экспануюцца прадметы побыту канца ХІХ – ХХ ст.: званочак, скрынка для пёраў, чарніліца, чарнільная ручка, гатавальня.
Запрашаем на выстаўку! Уваход для ўсіх – 5 капеек!
Музей працуе з 10.00 да 18.00 (панядзелак – выходны).