У 2019 г. спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Марыі Багдановіч, маці паэта Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды супрацоўнікі Музея Максіма Багдановіча наведалі магілу Марыі Багдановіч на старых праваслаўных могілках у Гродне, што насупраць Цэнтральнага рынку па вул. Антонава.
Марыя (Мякота) Багдановіч нарадзілася 22 лютага 1869 г. ў горадзе Ігумен (цяпер Чэрвень Мінскай вобл.) у небагатай шматдзетнай сям’і. Пасля смерці бацькі, Апанаса Іванавіча Мякоты, Марыя, яе сёстры і брат выхоўваліся ў дзіцячым прытулку ў Мінску. Жывая, прыгожая, таленавітая Марыя спадабалася жонцы мінскага генерал-губернатара, апякунцы прытулка Л.Пятровай, якая ўзяла дзяўчынку ў свой дом на выхаванне. Марыя на выдатна скончыла Мінскае трохкласнае жаночае вучылішча, пасля паступіла ў Пецярбургскую настаўніцкую земскую школу. Аднак вучобу яна не скончыла – вярнулася ў Мінск, дзе застаўся каханы чалавек, будучы муж Адам Багдановіч. У 1888 г. Адам і Марыя ўзялі шлюб у Хмарына-Гарадзецкай царкве Мінскага павета. Гэты перыяд Адам Багдановіч пазней назаве найшчаслівейшым у сваім жыцці. У Мінску ў сям’і Багдановічаў у 1890 г. нарадзіўся першы сын Вадзім, а 9 снежня 1891 г. другі сын – будучы вядомы беларускі паэт Максім Багдановіч, які для Марыі быў проста маленькім хлопчыкам, смяшлівым, гарэзлівым, уражлівым, прыгожым, бясконца любімым.
У 1892 г. Багдановічы пераязджаюць у Гродна і пасяляюцца на Новым Свеце. У хуткім часе ў 1893 г. нараджаецца трэці сын Лёвачка, і Марыя заўсёды імкнецца быць побач з дзецьмі, якіх нікому, акрамя мужа, не давярае, сама прыдумвае для іх цікавыя гульні і з задавальненнем у іх гуляе разам са сваімі сынамі. Лісты Адама і Марыі Багдановічаў, прасякнуты пяшчотай і каханнем, а ўспаміны Адама пра жонку раскрываюць жывы і светлы вобраз жанчыны, якая напаўняла свой дом радасцю, захапленнем і смехам. Гучала ў доме на Новым Свеце і прыгожая музыка: Марыя выдатна іграла на піяніна. У 1893 г. у снежаньскім нумары газеты «Гродзенскія губерскія ведамасці» было надрукавана апавяданне Марыі Багдановіч «Накануне Рождества».
На думку Адама Ягоравіча, свой паэтычны талент Максім атрымаў менавіта ад маці. Бацька называў Максіма яе маленькім падабенствам і адзначаў, што «по складу своего характера, мягкого и женственного, по веселости нрава, живости, отзывчивости и впечатлительности, по полноте и мягкости наблюдений, по силе воображения» Максім усё больш і больш нагадваў сваю маці. Смерць Марыі ад хуткацечных сухотаў 4 кастрычніка 1896 г. стала для сям’і Багдановічаў страшнай трагедыяй, стратай, якая вымусіла іх пакінуць Гродна, дзе ўсё было напоўнена вобразамі самага роднага, самага дарагога чалавека, жанчыны, якая была «вся сверкающая поющая жизнь, вся движение, радость, восторг». У памяці яе сына, Максіма, Марыя Багдановіч назаўсёды засталася як маці «з воблікам дзяўчыны».
Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці,
I душы мацярэй нас могуць чараваці;
Вышэйшая краса - ў іх злітнасці жывой!
Артысты-маляры схіляліся прад ей,
Жадаючы з'явіць цераз свае халсціны
Пачуцці мацеры у вобліку дзяўчыны.
Красы тэй сімвалам, Маць-Дзева, стала ты, -
I глянулі твае з-пад пэндзаляў чэрты.
3 таёмным трэпетам на іх я пазіраю,
А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю.
Максім Багдановіч «У вёсцы»
Многія беларускія мастакі, скульптары і паэты звяртаюцца да вобраза маці паэта, і яе асоба, як і асоба яе сына – Максіма Багдановіча, знакавыя для нашага горада.
У нашым музеі захоўваецца частка сямейнага архіва Багдановічаў: дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы: рамка для фотаздымкаў і срэбная гарбатная лыжка, якія належалі Максіму Багдановічу, шкатулка Марыі Багдановіч.
МАРЫЯ БАГДАНОВІЧ
Маці Марыя на гродзенскіх могілках спіць.
Камень паставіў па ёй Панцялееў Валодзя.
Надпіс і крыж. І ніякае медзі - і годзе.
Маці душа і без медзі на Небе звініць...
Камень стаіць каля сцежкі да белай царквы.
Злева Ісус, а направа спіць Маці Марыя.
Праз два імёны Гасподзь нас ратуе і крые –
Каб мы не трапілі ў новыя ямы й рвы.
Трэцім у Тройцы Святой – сын Марыі Максім.
Ён пахаваны далёка. На неба узняты.
На пілігрымку выводзіць дарога да Ялты.
Праўду казалі, праходзіць паэт Крым і Рым.
Алесь Чобат
ЛЯ МАГIЛЫ МАЦI ПАЭТА
Лiсты падымаюцца ў неба,
Шумiць залатая пара,
Спяшаюцца людзi па свеце,
Ахiнула зноў мiтусня.
I зноў незнаёмыя твары,
Усмешкi… Бяседы гучаць.
Спяшаюцца людзi па свеце,
Каб свет наш вялiкi пазнаць.
Па горадзе родным, дзе Нёман
Крыштальныя воды нясе,
Спяшаюцца людзi па свеце
I радасцi прагнуць усе.
Але ёсць такiя мясцiны,
Дзе воблака жалю плыве.
Iдуць гарадзенцы па свеце,
Цi ўспомнiць каторы яе?!
Матуля Максiма Вялiкага
Пакоiцца ў нашай зямлi.
Хоць сцiплую кветку пакласцi
На помнiк успомнiм цi мы?!
...Прыбегла на Скiдзельскi рынак,
Усё хачу хутка купiць.
Да мацi паэта забегчы
Хаця б на хвiлiну карцiць.
Хацела купiць васiлькоў я,
Максiм жа iх моцна любiў.
Ды рынак,таварам насычаны,
Ўжо кветкi такiя забыў.
Я постаць знаёмую бачу,
Паэт, як жывы, паўставаў.
Няўжо ён, зайшоўшы да мацi,
Над цiхай магiлай стаяў?!
Cхiлiў галаву, нiбы ў думках
Матулю жывой маляваў.
I толькi дождж, сумны, асеннi,
Яму, мабыць, думкi збiваў.
I погляд яго нерухомы
Закрэслілі ніці дажджу,
Дзве ружы, дзве кветкi на помнiк
З жалобаю я пакладу.
I сцiплае сонца з-за хмары
Струменьчыкi вылье свае...
Спяшаюцца людзi па свеце,
Цi ўспомнiць каторы яе?..
Вікторыя Смолка