10 снежня 2015 г. у літаратурным аддзеле УК ГДГАМ адбылося літаратурна-музычнае мерапрыемства, прымеркаванае да 124-годдзя з Дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.
Падчас мерапрыемства прагучалі вершы М. Багдановіча «Падымі ўгару сваё вока…», «Зімой», «Лясун» і інш.
З вялікім захапленнем госці паслухалі музыку да вядомага ўсім «Раманса» («Зорка Венера ўзышла над зямлёю…») у выкананні навучэнца Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа Івана Дайнэкі.
У рамках мерапрыемства адбылася таксама і прэзентацыя выдання «Пакуль рука пяро трымае. Успаміны. Лісты». Кніга выдадзена ў 2015 г. і прысвечана беларускай пісьменніцы, мемуарыстцы, лексікографу і грамадскай дзяячцы Зосьцы Верас, лёс якой звязаны з горадам Гродна і імем Максіма Багдановіча. Прэзентаваў кнігу яе ўкладальнік, аўтар прадмовы і каментароў Міхась Скобла.
Сваімі ўспамінамі і ўражаннямі ад сустрэчаў і ліставання з Зоськай Верас падзяліліся з прысутнымі прафесар Аляксей Пяткевіч, мастацтвазнаўца Марына Загідуліна, гродзенская паэтка Данута Бічэль, краязнаўца Алесь Госцеў.
Пра гістарычныя мясціны і памятныя будынкі Гродна, звязаныя з імем Зоські Верас расказаў гісторык і краязнаўца Андрэй Вашкевіч.
Чытаць больш: www.t-styl.info/by/119/culture/15795/