Аляксей Карпюк удзельнічаў у баях за Берлін (1945) і на чацвёрты дзень баёў, на подступах да Рэйхстага, быў цяжка паранены. З вайны Аляксей Карпюк жыў без правага лёгкага і чатырох рабрын. Усе лічылі яго дзіваком, што не выпівае спіртнога, не курыць, шмат і абы-чаго не есць, ходзіць з кіем… Ён нават прыдумаў сабе «хобі» – калекцыянаваў кіі. Вялікім даверам было заслужыць у Карпюка ў падарунак бамбукавы кій. А прычынай таму была інваліднасць пісьменніка, якую ён не афішаваў. Пасля атрымання дыплома настаўніка англійскай мовы Аляксей Карпюк бы прызначаны загадчыкам Сапоцкінскага раённага аддзела народнай асветы. Мінская студыя кінахронікі нават зняла на плёнку, як ён, з ардэнамі і медалямі на грудзях, у актавай зале інстытута атрымлівае дыплом і з чыгуначнага вакзала адпраўляецца пасажырскім цягніком у Сапоцкіна. Аднак туды не хадзілі не толькі цягнікі, але і рэйсавыя аўтобусы. Таму ўвечары Аляксей браў кій і праз чатыры гадзіны, прайшоўшы пехатою 24 кіламетры, быў у Гродне.