«Жылi-былi дваццаць пяць алавяных салдацiкаў. Усе яны былi сынамi адной мацi – старой алавянай лыжкi, – i, значыць, даводзiлiся адзiн аднаму роднымi братамi. Былi яны прыгажуны пiсаныя: стрэльба на плячы, галава прама, чырвоны з сiнiм мундзiр – ну, прыгажосць што за салдаты!» Так пачынаецца казка Г.Х.Андэрсена «Стойкі алавяны салдацік».
У адным з мемарыяльных пакояў Музея Максіма Багдановіча ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены ажно 31 алавяны прыгажун!
Алавяныя мадэлі салдат розных армій уражваюць сваёй дэтальнасцю, а некаторыя салдацікі нават маюць імёны, таму што яны былі выраблены ў гонар сапраўдных воінаў.
«Алавянае войска» Музея Максіма Багдановіча датуецца кан. ХХ – пач. ХХІ стст. і прадстаўлена французскімі пехацінцамі і кавалерыстамі, рускімі афіцэрамі, грэчаскімі гоплітамі, рымскімі легіянерамі, тэўтонскімі рыцарамі і нават вікінгамі. Салдацікі ўзброены малюсенькімі мячамі і шчытамі, шаблямі і коп’ямі, лукамі, сякерамі, ружжамі. Мініяцюрны французскі драгун трымае не толькі шаблю, але і трубу, а англійскі сцяганосец – сцяг. Вы зможаце ўбачыць таксама фігуркі англійскага караля Рычарда Ільвінае сэрца, ваеннага хірурга Ларэя, палкоўніка Марбо, капітана Маньеса.
Некаторыя лічаць алавяных салдацікаў дзіцячымі цацкамі, аднак яны з’яўляюцца марай не толькі маленькіх хлопчыкаў, але і многіх дарослых. У розныя часы салдацікаў выраблялі з золата і срэбра, бронзы, свінца, дрэва, з дапамогай салдацікаў мадэліравалі ваенныя дзеянні, салдацікі з’яўляліся своеасаблівымі талісманамі, імі папаўнялі свае прыватныя калекцыі прынцы і каралі. Дарэчы, вялікую калекцыю салдацікаў меў імператар Пётр І, а 117 залатых салдацікаў, вырабленых для сына імператара Напалеона, і сёння лічацца самай дарагой цацкай у свеце.