У Музеі Максіма Багдановіча з 27 студзеня 2020 года працуе выстаўка «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і 180-годдзя з дня нараджэння Францішка Багушэвіча.
Беларуская мова – наша спрадвечная, матчына мова… Паэты параўноўваюць яе з перазвонам крыніц , нізкай самацветаў, дняпроўскай хваляй, нятленным скарбам і вясновым дажджом.
Новая беларуская літаратура развівалася з 1-й пал. ХІХ ст., а ўзорам паэтычнага майстэрства стала творчасць Францішка Багушэвіча (1840-1900). Яго паэзія аказала фенаменальны ўплыў на пісьменнікаў «нашаніўскага перыяду». М.Багдановіч у артыкуле «Беларускае адраджэнне» напісаў, што творы Ф.Багушэвіча «не блещут изяществом отделки, зато отличаются энергетикой выражения. Стих его прост и суров; изредка эта суровость сменяется юмором».
На выстаўцы экспануюцца зборнікі твораў Францішка Багушэвіча:
- прыжыццёвае выданне «Smyk bialaruski» (Познань, 1894)
- зборнік «Dudka bielaruskaja» (Вільня, 1930)
- зборнік «Smyk bielaruski» (Вільня, 1930)
Выданні твораў 20-30-х гадоў і 2-й паловы ХХ ст. прадстаўлены кнігамі:
- М.Гарэцкі «Гісторыя беларускай літаратуры» (Вільня, 1920)
- Л.Гарэцкая «Родны край» (Вільня, 1923)
- І.Дварчанін «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» (Мінск, 1927)
- А.Станкевіч «Francis Bahusewic. Jaho zyccio i tworcasc» (Вільня, 1930)
- Ф.Багушэвіч «Выбраныя творы» (Мінск, 1952) з аўтографамі М.Ткачова, М.Ермаловіча, М.Купавы, М.Дуксы, У.Содаля – удзельнікаў свята, прысвечанага памяці Ф.Багушэвіча, якое адбылося ўпершыню на радзіме паэта ў Кушлянах у 1983 г.
- У.Содаль і Е.Мацюш (укладальнікі) «Францішак Бенядзікт Багушэвіч» (Мінск, 1986)
- Ф.Багушэвіч «Творы» (Мінск, 1991).
Увазе наведвальнікаў прапануюцца:
- паштоўка «Францішак Багушэвіч» (Вільня, 1908-1910)
- лемантар «Засеўкі» С.Паўловіча (Вільня, 1937)
- нарысы «Нашы песняры» А.Навіны (Вільня, 1918)
- медаль «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай» (1990)
Запрашаем на выстаўку! Уваход для ўсіх – 5 капеек!
Музей працуе з 10.00 да 18.00 (без выходных).