Алоўкі вырабляюцца з пішучага матэрыялу (графіту, сухіх фарбаў і г.д.). Пішучы стрыжань алоўка ўстаўляецца ў спецыяльную аправу. З пачатку XIII ст. мастакі выкарыстоўвалі для малявання тонкі срэбраны дрот, які прымацоўваўся да ручкі. Сцерці намаляванае такім алоўкам было немагчыма, а з часам шэрыя рыскі, нанесеныя срэбраным алоўкам, станавіліся карычневымі.
Графітныя алоўкі з’явіліся з XVI ст. Магутная бура, якая прайшла па Англіі ў мясцовасці Камберленд, вывернула з каранямі дрэвы. Мясцовыя пастухі знайшлі ў зямлі цёмнае рэчыва, якое яны палічылі за вугаль, але падпаліць яго не ўдалося. Тады, пасля розных спробаў, яны зразумелі, што гэтае рэчыва пакідае добрыя сляды на прадметах, і скарысталіся гэтым, каб пазначаць сваіх авечак. Так быў вынайдзены графіт.
У далейшым з графіту пачалі вырабляць тонкія завостраныя на канцы палачкі і выкарыстоўвалі іх для малявання. У XVII ст. графіт трапіў у звычайны продаж на вуліцах. Мастакі, каб было зручней і палачка не была такой мяккай, заціскалі гэтыя графітныя «алоўкі» паміж кавалачкамі дрэва або галінкамі, абгортвалі іх у паперу або абвязвалі.
Гісторыя з’яўлення і развіцця вытворчасці каляровых алоўкаў невядомая. Па адных крыніцах, з’яўленне каляровых алоўкаў у драўляным корпусе прыпадае на 1820 год, аднак гісторыя выкарыстання каляровых алоўкаў мастакамі сыходзіць яшчэ глыбей, а першаадкрывальнікі каляровых алоўкаў невядомыя.
Цікавыя факты:
- алоўкам можна пісаць ва ўмовах нулявой гравітацыі і пад вадой.
- з аднаго дрэва атрымліваецца 300 000 алоўкаў.
- музей алоўкаў знаходзіцца ў Камбрэ (Велікабрытанія). Менавіта там, у ХVІ ст. пры дапамозе авечак і адкрылі графіт. Адзін з экспанатаў музея – аловак даўжынёй 7,91 м і вагой 446 кг.
- самы дарагі аловак Graf von Faber-Castell Perfect Pencil каштуе $12,800. Яго корпус выраблены з 240-гадовага аліўкавага дрэва і інкруставаны белым золатам у 18 карат.
- звычайным алоўкам можна напісаць 45 000 слоў ці намаляваць лінію даўжынёй 56 кіламетраў.