127 гадоў таму 4 кастрычніка 1896 года не стала Марыі Апанасаўны Багдановіч (Мякота) - маці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.
Ушаноўваючы памяць Марыі Апанасаўны, супрацоўнікі Музея Максіма Багдановіча ў гэты дзень наведалі магілу маці паэта. Магіла знаходзіцца на старых праваслаўных могілках у Гродне, што насупраць Цэнтральнага рынку па вул. Антонава.
Марыя Апанасаўна памерла ад хуткацечных сухотаў ва ўзросце 27 гадоў пасля нараджэння дачкі Ніны. Яе смерць стала страшнай трагедыяй для сям’і Багдановічаў, пасля якой бацька паэта Адам Ягоравіч разам з дзецьмі пакінуў Гродна, дзе ўсё нагадвала яму пра блізкага і дарагога чалавека.
Пасля радзін ты ўсё штодня марнееш:
Асунулася цела, зблякла твар,
Засмяглі і растрэскаліся губы;
На іх парой няпэўна прабяжыць
Пасмех - і знікне, жалкі і пужлівы;
Як сцені, сіняватыя кругі
Навокала вачэй ляглі, а вочы
Як быццам просяць злітавацца ўсіх.
Так крохкая, пушыстая багатка
Падветрам аблятае, каб магло
Яе насенне узрасці і кветнуць,
І толькі кволае сцябло пасля
Гаворыць аб жыцці, дзіцям адданым.
Магіла Марыі Апанасаўны Багдановіч знаходзіцца насупраць увахода ў царкву Святой Марфы.