Этажэрка - падлогавы або навясны тып мэблі, разнавіднасць стэлажа, паліцы якога адкрыты з усіх бакоў і абапіраюцца на вертыкальныя стойкі. Сваю назву гэты функцыянальны прадмет мэблі атрымаў ад французскага слова etagere, што ў перакладзе азначае “асобная канструкцыя з адкрытых паліц, замацаваных апорамі-стойкамі”.
Драўляная этажэрка ўпершыню з’явілася ў Францыі ў ХVІІІ ст. Яна займала цэнтральнае месца сярод іншых прадметаў інтэр’еру залаў і будуараў, служыла эфектнай падстаўкай для дэкаратыўных ваз, пазалочанага і крыштальнага посуду. На ёй дэманстраваліся антыкварныя прадметы і мініяцюрныя скульптурныя статуі. Пэўны час этажэрка з’яўлялася прадметам раскошы і служыла вытанчаным атрыбутам інтэр’еру ў шыкоўных апартаментах каралеўскай сям’і і ў дамах знатных асоб. У адрозненне ад кабінетаў, сакратэраў і буфетаў этажэркі рэдка ўпрыгожваліся дэкаратыўнымі элементамі, каб не зацямніць агульнае ўражанне ад калекцыі сувеніраў або кніг, размешчаных на паліцах.
Хутка этажэрка заваявала папулярнасць не толькі ў Францыі, але і ў іншых краінах, у тым ліку ў Расіі. Папулярнасці спрыялі:
• адносная, у параўнанні з шафай або буфетам, таннасць;
• кампактнасць, якая дазваляла размяшчаць паліцы ва ўмовах абмежаванай прасторы;
• практычнасць і змяшчальнасць.
Этажэркі былі настолькі зручнымі, што ў пачатку XX ст. іх вытворчасць перайшла ад індывідуальных майстроў да вялікіх фабрык і стала высокатыражнай. Этажэркі купляліся ўстановамі, крамамі і нават ваеннымі гарнізонамі.
Некалькі драўляных этажэрак сярэдзіны – другой паловы ХХ ст. захоўваюцца ў Музеі Максіма Багдановіча.