У Музеі Максіма Багдановіча з 15 верасня 2017 года працуе выстаўка «Шмат у нашым жыцці ёсць дарог… ».
2017 год азнаменаваны 135-гадовым юбілеем вялікіх песняроў беларускага народа, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы (1882-1942) і Якуба Коласа (1882-1956) і 125-гадовым юбілеем беларускай пісьменніцы, мемуарысткі Зоські Верас (1892-1991). На выстаўцы экспануюцца кнігі, фотаздымкі, паштоўкі, рукапісы вядомых беларускіх літаратараў.
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены першыя зборнікі народных паэтаў – «Жалейка» Я.Купалы і «Песьні-жальбы» Я.Коласа. Цікавасць ўяўляюць першае выданне п’есы «Раскіданае гняздо» (Вільня, 1919) і трагікамедыі «Тутэйшыя» (Мюнхен, 1953) Янкі Купалы, кніга «Слова аб палку Ігаравым» (Мінск, 1952) з вершаваным і празаічным перакладамі Я.Купалы.
У 1910-я гг. Я.Колас пачынаў працу над лірыка-эпічнымі паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка». На выстаўцы прадстаўлены паштоўкі з ілюстрацыямі да «Новай зямлі» (мастак В.Шаранговіч), бюст Я.Коласа (1960-1970-я гг.), паштоўка з дароўным надпісам Гродзенскаму музею і асабістым подпісам Я.Коласа (1947 г.), ліст Я.Коласа да М.Дуброўскага (1948 г.).
Асобны комплекс матэрыялаў прысвечаны беларускай пісьменніцы, мемуарыстцы З.Верас. На выстаўцы экспануецца рукапіс успамінаў «Старое Гродна» (Вільня, 1982), «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (выйшаў у 1924 г.), кніга вершаў і апавяданняў для дзяцей «Каласкі» (Мінск, 1985).
Выстаўка працуе з 15 верасня да пачатку снежня 2017 г. з 10.00 да 18.00 (акрамя панядзелка) па адрасе: вул.1 Мая, 10 (Музей Максіма Багдановіча). Уваход для ўсіх катэгорый наведвальнікаў – 5 капеек! Шчыра запрашаем!