Кветкі ўпрыгожваюць наш свет, прывабліваюць людзей непаўторным водарам, выклікаюць усмешку, напаўняюць сэрцы шчасцем і надзеяй. Квітнеючыя паркі і сады з’яўляюцца лепшым месцам для адпачынку. Кветкамі людзі аздабляюць свае дамы, букет з кветак з’яўляецца адным з самых прыемных падарункаў у закаханых, адным з самым яскравых праяўленняў іх пяшчотных пачуццяў.
З кветак вырабляюць розныя віды духоў і многія касметычныя прадукты. Акрамя таго кветкі выкарыстоўваюцца і ў медыцыне. Напрыклад, з лотасу робяць лекі, якія могуць вылечыць ліхаманку, а таксама сіроп ад моцнага кашлю.
Цікава ведаць, што…
- Сімвал Галандыі – цюльпаны. На іх радзіме яны сімвалізуюць жыццё і каханне. Прыкладна ў ХVІІ ст. іх цыбуліны былі вельмі дарагімі і параўноўваліся з золатам. У некаторых краінах Еўропы цюльпаны выкарыстоўваліся нават як валюта.
- Старажытным абрадам было спальванне пялёсткаў астры. Лічылася, што такім спосабам можна адагнаць злых духаў.
- Самымі небяспечнымі кветкамі на Зямлі прызнаны ландыш, крокус, алеандр і азалія. Менавіта ў іх навукоўцы знайшлі небяспечныя і атрутныя рэчывы.
- У Старажытным Егіпце буйнае цвіценне лотасу падчас разліву ракі Ніл азначала, што багіня ўрадлівасці Ізіда пачула маленне жыхароў аб шчодрым ураджаі.
- У Японіі адзенне з прынтам кветкі хрызантэмы дазвалялася насіць толькі імператарскай сям’і.
- Гладыёлус атрымаў сваю назву з-за падабенства са зброяй гладыятараў. У перакладзе са старажытнагрэчаскага слова «Gladius» (ад якога і пайшло слова «гладыёлус») азначае «меч».
Прысутнічаюць кветкі і ў вершах Максіма Багдановіча: «асеннія, родныя, бледныя» кветкі вырастаюць са слязінак лета, з горкіх кветак збірае мёд рупная пчала, з лясной кветкай параўноўвае паэт прыгажосць дзяўчыны; кветачкай-пралесачкай называе каханую герой паэмы «Максім і Магдалена». Яркія кветкі макаў нагадваюць яму рознакаляровых матылькоў, а лілеі «на цёмнай гладзі сонных луж балота» падаюцца бялейшымі «за снег нябёснай вышыні». На старонках зборніка «Вянок» убіраюцца ў росы астры, ускалыхваецца пена кветак над чарэшневым кустом, зіхаціць пад расою шыпшына – нямая сведка дзявочых слёз, а «цвет бяленькі вішнёвы» у цёмным садзе хавае агністыя пагляды юных закаханых. І, безумоўна, цяжка ўявіць сабе паэзію Максіма Багдановіча без вернага спадарожніка паэта – васілька.
Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу – мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
«Здароў будзь, зямляча!» Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне:
«Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане».
А падрабязней пра любімую кветку Максіма Багдановіча можна прачытаць па спасылцы https://bagdanovichmuseum.by/naviny/150.html.