Марыя Апанасаўна Мякота (у замужжы Багдановіч) - маці класіка беларускай літаратуры - нарадзілася 22 лютага 1869 года ў сям'і Апанаса Іванавіча і Таццяны Восіпаўны Мякотаў.
Яе бацька паходзіў з сям'і ўніяцкага святара, навучаўся ў Слуцкім вучылішчы. Пасля ўдзелу ў Крымскай вайне 1853-1856 гадоў меў званне губернскага сакратара, быў узнагароджаны медалём у памяць гэтай вайны, атрымаў пажыццёвае дваранства. Працаваў на пасадзе наглядчыка шпіталю.
Маці таксама паходзіла з сям'і святара. Яе дзявочае прозвішча - Малевіч.
Марыя Апанасаўна нарадзілася ў горадзе Ігумен. Гэта быў цэнтр аднаго з паветаў Мінскай губерні (з 1923 года - горад Чэрвень Мінскай вобласці). У 1825 годзе ў Ігумене налічвалася 263 дамы і каля 900 жыхароў. У 1897 колькасць насельніцтва складала 4573 жыхары, з якіх каля 60% было непісьменнымі.
Жыццё Марыі Апанасаўны было звязана не толькі з родным Ігуменам, але і іншымі гарадамі: Мінскам, Санкт-Пецярбургам, Гродна. У Мінску яна скончыла 3-класнае жаночае вучылішча, некаторы час жыла пасля замужжа. У сталіцы Расійскай імперыі - Санкт-Пецярбургу - вучылася на настаўніцу. У Гродне жыла больш за 4 гады і знайшла вечны спачын.