200 гадоў назад у багатых дамах званочкі для выкліку прыслугі былі ў кожным пакоі. Існавалі спецыяльныя абедзенныя званочкі, будуарныя, нават для спальні. Часта небагатыя гаспадары расстаўлялі званочкі па ўсім доме, каб госці думалі, што ў іх шмат прыслугі.
Вельмі прыгожымі былі стужкі для званкоў – санеткі, якія рабілі з дарагіх матэрыялаў, на шаўковай падкладцы, аздаблялі вышыўкай. Калі пакояў у доме было многа і на розных паверхах, стужкі званочкаў злучаліся праводкай з пакоем для прыслугі, у кожнага пакоя быў свой нумар. Званочак званіў, і было зразумела, у які пакой выклікаюць.
Электрычнасць уваходзіла ў моду. У 1853 г. у Францыі, у горадзе Руан, французкі тэхнік Міро сканструяваў электрычны званок і першым зняў са сваіх дзвярэй звычайны званочак. З’явіліся электрычныя званы і тырольскія званочкі - па іх малаточак б'е звонку. Але хутка высветлілася, што кнопкі ўсё ж зручней. І не толькі для дзвярэй. Кнопкі падвешвалі да лямпаў над абедзенным сталом для выкліку прыслугі, а таксама ўразалі ў падлогу, каб непрыкметна падаць сігнал нагой, калі заявіцца злодзей ці проста нечаканы наведвальнік.
Нягледзячы на тое, што старадаўнія званочкі даўно страцілі сваё функцыянальнае значэнне, ператварыўшыся ў творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, яны не сталі менш прывабнымі для калекцыянераў і аматараў антыкварыяту.
Паглядзець на металічны званочак для выкліку прыслугі можна ў экспазіцыі Музея Максіма Багдановіча