30 снежня 2020 года ў музеі адбылося тэатралізаванае мерапрыемства «Марыя Апанасаўна запрашае!» для вучняў сярэдніх школ, гімназій і навучэнцаў каледжаў.
Нагадаем, з 1 па 14 снежня 2020 г. супрацоўнікі літаратурнага аддзела прынялі больш за пяцьдзясят заявак відэаролікаў ад удзельнікаў анлайн-мерапрыемства «І вее верш мой дзіўнай казкай...».
Па выніках мерапрыемства выканаўцы самых яскравых відэавыступленняў былі запрошаны ў музей.
Гасцей сустрэла Марыя Апанасаўна – маці паэта Максіма Багдановіча. Яна пазнаёміла наведвальнікаў з інтэр’ерам кватэры, якую сям’я Багдановічаў здымала з 1892 па 1896 гг. у Гродне.
Гаспадыня расказала пра сваё дзяцінства і вучобу, пра працоўную і творчую дзейнасць Адама Багдановіча (бацькі паэта), пра выхаванне дзяцей, а таксама раскрыла цікавыя падрабязнасці аб жыцці ў Гродне. Наведвальнікі мерапрыемства мелі магчымасць даведацца пра розныя віды зёлак і іх лекавыя ўласцівасці, з задавальненнем згулялі ў фанты.
З дапамогай акустычнай сістэмы госці праслухалі ўрывак з апавядання Марыі Багдановіч «Напярэдадні Калядаў» і паланэз М.К.Агінскага «Развітанне з Радзімай», які быў любімым музычным творам Максіма Багдановіча. На развітанне Марыя Апанасаўна пачаставала наведвальнікаў зёлкавай гарбатай з мятай.