21 красавіка ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага адбылася прэзентацыя літаратурнага альманаха «На Нёманскай хвалі» (№ 7, 2022). Выданне заснавана ў 2009 годзе гродзенскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня кнігі і аўтарскага права, які адзначаецца 23 красавіка.
Як адзначыла старшыня гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Антонаўна Кебіч, нягледзячы на тое, што апошнія два гады сталі сапраўдным выпрабаваннем, гродзенскія пісьменнікі выдалі 65 аўтарскіх кніг, апублікавалі шмат артыкулаў і твораў на старонках перыядычных выданняў, часопісаў і калектыўных зборнікаў.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены СПБ, аўтары, чые творы ўвайшлі ў сёмы нумар альманаха: Людміла Кебіч, Ганна Скаржынская-Савіцкая, Андрэй Татур, Ірына Фамянкова, Галіна Богдан (Ліна Багданава), Рыгор Гармаш, Браніслаў Ермашкевіч, Мікалай Іваноўскі, Руслан Казлоўскі, Віктар Курловіч, Таццяна Лашук, Дзмітрый Радзівончык, Святлана Тарасава, Людміла Шаўчэнка, Таццяна Сучкова, Уладзімір Ягорычаў, Аліна Сабуць, і госць нумара – маладая паэтэса Кацярына Ігнацюк.
Людміла Антоўнаўна Кебіч падаравала таксама і нашаму музею альманах «На Нёманскай хвалі», які стане каштоўным набыткам музейнага збору па тэме «Гродзеншчына літаратурная».