«Не пакінем свае гаворкі,
Сваіх песняў, сваіх звычаяў –
свайго кроўнага, спрадвечнага,
беларускага».
М.Багдановіч
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы!
Самыя маленькія нашы сябры – вучні 1 класа Парэцкай сярэдняй школы – разам з бацькамі і сваёй настаўніцай Ганчаровай Ларысай Іванаўнай сёння адзначылі ў музеі Міжнародны дзень роднай мовы!
Першакласнікі пазнаёміліся з дзяцінствам маленькага Максіма, з жыццём сям’і Багдановічаў у Гродне, павандравалі па пакоях мемарыяльнай кватэры канца ХІХ ст. Дзеці даведаліся пра тое, што гады юнацтва Максіма Багдановіча прайшлі далёка ад Радзімы, у Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі, што менавіта там, на чужыне, паэт самастойна па кнігах вывучаў беларускую мову і пачаў пісаць вершы на роднай мове.
У далёкім краі Максім Багдановіч сумаваў па сваёй Радзіме, па цудоўнай беларускай прыродзе, па кветках. І менавіта дзякуючы паэту, вобразам-сімвалам нашай Радзімы стала кветка – васілёк (валошка).
«Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу - мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк».
М.Багдановіч «На чужыне»
У музеі першакласнікі згулялі ў гульню і даведаліся пра тое, як гучаць назвы розных кветак і раслінаў па-руску і па-беларуску (роза – ружа, клевер – канюшына, одуванчик – дзьмухавец, ромашка – рамонак, лён – лён, подсолнух – сланечнік, сирень – бэз, земляника – суніцы і інш.).
Дзеці разам з экскурсаводам правялі даследаванне і вызначылі, як назва «васілек» гучыць на чатырох мовах (запіс узяты з «Беларуска-польска-расейска-лацінскага ботанічнага слоўніка» Зоські Верас; «Вільня, 1924.», факсімільнае выданне; Мінск. 1992 г.): васілёк (рус.), валошка (бел.), bławatek( пол.), Centaurea cyanus (лац.).
На памяць аб гэтым мерапрыемстве вучні атрымалі ў падарунак паштоўкі з васількамі, якія зрабілі ў музеі сваімі рукамі.
У добры шлях, дарагія першакласнікі, вывучайце і шануйце нашу родную мову, паважайце і любіце нашу Радзіму так, як горача яе любіў паэт Максім Багдановіч!
Шчыры дзякуй Ганчаровай Ларысе Іванаўне, настаўніку пачатковых класаў і кіраўніку гуртка «Крынічка» Парэцкай сярэдняй школы, за выхаванне, дабрыню і пяшчоту да сваіх вучняў, за любоў да прыгожага беларускага слова і музея Максіма Багдановіча!
Сардэчна віншуем усіх з Міжнародным днём роднай мовы!