Віктар Сямёнавіч нарадзіўся ў 1936 годзе ў в.Сласцёны Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Лёс жорстка абышоўся з ім: летам 1945 года, падарваўшыся на варожай міне, пасляваенным хлапчуком страціў зрок. Не бачачы сонца, навакольнай красы, ён, сённяшні прызнаны паэт, навучыўся глядзець на свет вачамі душы і сэрца.
З 1947 года вучыўся ў спецшколе для сляпых дзяцей у г.Гродна. Скончыўшы Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча (1958), атрымаў накіраванне настаўнікам спеваў і музыкі ў Гродзенскую школу-інтэрнат для сляпых і з аслабленным зрокам дзяцей, дзе калісьці вучыўся сам.
Літаратурнай творчасцю пачаў займацца з 1970 года. Яго вершы ўпершыню былі надрукаваны ў 1972 годзе ў газеце «Гродзенская праўда». 40 гадоў назад, у 1981г., выйшла першая кніга В.Кудлачова «Я расту». Сёння Віктар Кудлачоў - аўтар 24 кніг для дзяцей, 2 аўдыякніг, зборніка выбраных твораў, выдадзенага шрыфтам Брайля. Звыш 70 вершаў сталі песнямі, якія выконваюць у школах і дзіцячых садках. Яго творы вучаць дабру, сумленнасці і справядлівасці, любіць і паважаць роднае.
Віктар Кудлачоў - лаўрэат прэміі аблвыканкама імя А.І. Дубко «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва». Імя В.С.Кудлачова ў 2012 годзе было занесена ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці, а ў 2014 годзе – прысвоена бібліятэцы Гродзенскага Гуманітарнага каледжа. Многія творы паэта можна сустрэць у розных школьных падруніках і чытанках. Вершы Віктара Сямёнавіча, загадкі і нават лічылкі, выхоўваюць у маленькіх чытачоў пачуццё любові і павагі да бацькоў, вучаць любіць і ахоўваць прыроду, працу, шанаваць сяброўства. Асабліва яскравыя, пазнавальныя, смешныя і павучальныя зборнікі паэта: «Когда дети смеются», «Сонца ранак падарыла», «Намалюю горад Гродна».
Калектыў Музея Максіма Багдановіча віншуе Віктара Кудлачова з юбілеем! Жадаем яму моцнага здароўя, душэўнага цяпла і творчых поспехаў!