22 мая ў музеі быў праведзены літаратурны турнір «Дарогамі Максіма Багдановіча». У літаратурным спаборніцтве прынялі ўдзел каманды «Валошкі» (Маліноўскі Кірыл, Пархоменка Канстанцін, Кашалеўскі Данііл, Пацынка Дар’я) і «Зорачкі» (Радзівон Аляксандра, Марозік Вікторыя, Алчынбаева Аляксандра, Грытчанка Ксенія) – вучні 10 «Б» класа з фізіка-матэматычным і хіміка-біялагічным ухілам ДУА «Гімназія № 2 г.Гродна» (класны кіраўнік Яхімчык Вольга Валянцінаўна).
На першым этапе гульні – размінка – «Зорачкі» занялі лідэрскую пазіцыю, набраўшы 8 балаў, а каманда «Валошкі» – 6 балаў. Максімальная колькасць балаў за размінку – 10 (адзін правільны адказ ацэньваўся ў 2 балы).
Другі этап гульні быў прадстаўлены разнастайнымі катэгорыямі і формамі заданняў: «Фотазаданні», «Асобы ў жыцці М.Багдановіча», «Ці ведаеце вы...», «Давайце паразважаем», «Творчасць М.Багдановіча». Кожная каманда мела магчымасць самастойна выбраць, на якую колькасць балаў яна жадае атрымаць пытанне: 5, 10, 15, 20 або 25 балаў. Гімназісты паспяхова адказвалі на наступныя пытанні: якія з прапанаваных аўтографаў належаць паэту, якое дачыненне той ці іншы будынак (месца) мае да Максіма Багдановіча, у якіх газетах друкаваўся Максім Багдановіч, «Ці праўда, што...». Сумненне выклікалі пытанні з катэгорыі «Асобы ў жыцці М.Багдановіча». Прыйшлося падумаць над такімі пытаннямі: які памер мае самае маленькае ў свеце выданне вершаў М.Багдановіча (зборнік падрыхтаваны майстрам мікрамініяцюр у 2016 г.), якія з прапанаваных песень напісаны на словы паэта і інш. Заданні кшталту «Кот у торбе» і «Чорная скрыня» выпалі камандзе «Зорачкі». Гімназісты гэтай каманды спрачаліся між сабой, але ў выніку далі два правільныя варыянты адказаў (дзеля захавання пэўных таямніц літаратурнага турніру адказы мы не друкуем).
Як заўсёды, у літаратурным турніры перамагло сяброўства, а па колькасці набраных балаў першае месца атрымала каманда «Зорачкі» (147), на другім месцы – каманда «Валошкі» (103).
Па тэлефоне 71 95 86 можна запісацца на літаратурны турнір «Дарогамі Максіма Багдановіча»
Глядзіце нашу фотасправаздачу.