У музеі з 28 верасня працуе выстаўка «Мае думкі часта лятуць у Гродна...», прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Зоські Верас.
«Думаю: Гродна...
Бачу дзедаў парог.
І чую тупат сваіх дзіцячых ног...
Думаю: Гродна...
Адчуваю павеў маладосьці.
Ці не паехаць мне
У гэтае старое Гродна
у госьці?..»
З.Верас «Старое Гродна»
30 верасня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускай пісьменніцы, мемуарысткі, грамадскай дзяячкі Зоські Верас, сапр.: Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік (1892 – 1991). Вядомыя псеўданімы: Зоська Верас, Л. Войцікава, Мама, Мірко, Л. Савіцкая, Шара Пташка.
Нарадзілася ў сям’і вайскоўца Антона Сівіцкага і Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гродзеншчыны. Пачатковую адукацыю атрымала ад бацькоў, у 1904 г. паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча ў Кіеве. У 1905 г. жыла ў Луцку на Валыні. Пасля смерці бацькі ў 1908 г. пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі Сакольскага павету. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая мясцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Гродне (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914). Падчас вучобы ўваходзіла ў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, займалася літаратурнай творчасцю.
З 1915 г. Зоська Верас працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Супрацоўнічала з «Беларускай хаткай», дзе пазнаёмілася з Ядвігіным Ш. і яго дачкой В.Лявіцкай, з А.Смолічам і У.Галубком, пасябравала з М.Багдановічам. У канцы 1918 г. пакідае Мінск з прычыны хваробы маці і вяртаецца ў дзедаў маёнтак Альхоўнікі. У 1919 г. у Зоські Верас нарадзіўся сын Антон, яго бацька Фабіян Шантыр загінуў 1920 г. Жывучы ў Альхоўніках, Людвіка пісала вершы, прысвечаныя найчасцей малому сыночку. У 1922 г. пасля смерці дзеда маёнтак давялося прадаць.
У 1923 г. у лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з Антонам Войцікам пабудавалі прасторную хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай. У гэтым шлюбе ў 1927 г. нарадзілася дачка Галіна, у замужжы Луцкевіч. У 1927-1931 гг. Зоська Верас рэдагавала ілюстраваны дзіцячы часопіс «Заранка», у 1934-1935 гг. – дзіцячы часопіс «Пралескі», у 1934-1938 гг. – пчалярскі часопіс «Беларуская борць». Яна ліставалася і сябравала са шматлікімі беларускімі грамадскімі дзеячамі і літаратарамі: Янкам Саламевічам, Данутай Бічэль-Загнетавай, Ларысай Геніюш, Вольгай Іпатавай, Сяргеем Панізнікам, Уладзімірам Содалем, Яўгенам Петрашэвічам і г. д. У «Лясной хатцы» бывалі пісьменнікі У.Караткевіч, Я.Пархута, Р.Барадулін, Л.Геніюш, Д.Бічэль-Загнетава, А.Бачыла, мастакі А.Марачкін, В.Маркавец, Я.Кулік, М.Купава, В.Целеш, А.Цыркуноў, вучоныя-літаратуразнаўцы А.Мальдзіс, Я.Саламевіч, Г.Кісялёў.
На выстаўцы «Мае думкі часта лятуць у Гродна...» экспануецца каштоўны фотаздымак, зроблены ў 1897 г. у Гродне ў фотамайстэрні І.І.Садоўскага-Л.Казлоўскага, на якім Людвіка Сівіцкая ў пяцігадовым ўзросце.
Да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлены: рукапісы ўспамінаў З.Верас «Старое Гродна» і «Нёмну...» (1982); самаробны альбомам «Горадзенскі гурток беларускай моладзі» (1980-я); нумары часопіса «Заранка» (1927-1929 гг.), у адным з іх надрукавана апавяданне «Папера» Л.Войцікавай, у другім – «Мушка зелянушка і камарык – насаты тварык» М.Багдановіча; факсімільнае выданне «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (Вільня, 1924); кніга вершаў і апавяданняў для дзяцей «Каласкі» (1985); экслібрыс З.Верас (з надпісам аўтара Вячкі Целеша), фотаздымкі пачатку 1980-х гадоў,на якіх Зоська Верас сфатаграфавана ў садзе свайго дома ў Вільні, у тым ліку з роднымі і знаёмымі.