20 сакавіка 2015 г. у Музеі Максіма Багдановіча адбылося літаратурна-музычнае мерапрыемства «Вясновы настрой».
Наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з памятнымі датамі 2015 г., цікавымі падзеямі, якія маюць непасрэднае дачыненне да творчасці паэта Максіма Багдановіча, яго родных.
Па-першае, у 2015 г. спаўняецца 140 год з дня нараджэння Марціна Кухты – друкара, выдаўца кніг на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах. У 1914 г. (на вокладцы пазначаны 1913 г.) у друкарні М.Кухты тыражом 2 000 экз. выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік М. Багдановіча «Вянок».
Па-другое, 120 гадоў таму ў Гродзенскай губернскай тыпаграфіі была выдадзена кніга А. Я. Багдановіча (бацькі паэта М. Багдановіча) «Перажыткі старажытнага светаўспрымання беларусаў».
Па-трэцяе, 120 гадоў таму складзены каталог фондаў Гродзенскай публічнай бібліятэкі. Як вядома, А. Я. Багдановіч уваходзіў у склад членаў праўлення Гродзенскай публічнай бібліятэкі, пэўны час загадваў ёй.
Па-чацвёртае, 105 гадоў таму выйшла ў Гродне даследаванне гісторыка Я. Ф. Арлоўскага «Гродзенская даўніна». Менавіта апошняму А. Я. Багдановіч падпісаў брашуру «Про панщину», якая зараз экспануецца у Музеі Максіма Багдановіча.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел гродзенскія літаратуразнаўцы, паэты, студэнты.
У музычным выкананні барда Алеся Камоцкага прагучалі песні на словы М. Багдановіча: «За дахамі места памеркла нябёс пазалота», «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над зямлёю...») і інш.