30 верасня 1892 года нарадзілася Зоська Верас (Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік) – беларуская паэтэса, мемуарыстка, грамадская дзяячка. Зоська Верас была знаёма і супрацоўнічала з такімі значнымі дзеячамі, як В.Ластоўскі, М.Гарэцкі, А.Гарун, А.Смоліч, Ядвігін Ш., С.Грынкевіч, С.Новік-Пяюн і інш. Яна заўсёды была ў гушчыні падзей, вяла актыўную перапіску з рознымі беларускімі пісьменнікамі, паэтамі, мастакамі. Па ўспамінах паэтэсы Дануты Бічэль, калі яна прапанавала Ларысе Геніюш замяніць у вершы радок «Там жыве, бы ў казцы, Зоська Верас» на «Там жыве бабулька Зоська Верас», Ларыса Антонаўна адказала: «Бабулька – гэта такі персанаж, які сядзіць на прызьбе і вяжа шкарпэткі для ўнукаў. Зоська Верас працуе на Беларусь, піша ўспаміны, адказвае на лісты, дапамагае навукоўцам, музеям, школам. Яна – не бабулька». Д.Бічэль «Хадзі на мой голас» [2008, с.129].
Сама ж пра сябе Зоська Верас напісала:
Я не баюся жыцьцёвай буры,
хоць добра знаю яе шум пануры,
і змрочнага не баюся ценю
без ласкі цёплай сонца праменьню,
і не баюся працаў мазольных
для рук бяздольных…
але ж баюся я ўтраты веры,
траты энэргіі баюся бязь меры,
баюся жыці без ідэялу,
бо ў чорнай пустцы сэрца б сканала…
больш чым цялеснай баюся сьмерці –
душой умерці…
Зоська Верас і Гродна
Бацька Людвікі, Антон Сівіцкі, быў родам з Гродна. У дзяцінстве Людвіка разам з ім наведвала ў Гродне бабулю і дзядулю, вандравала па Гродзеншчыне. Пасля смерці бацькі разам з маці жыла ў Гродне, у кватэры па вуліцы Гараднічанскай, вучылася ў прыватнай жаночай гімназіі. У сваіх ўспамінах «Старое Гродна», напісаных для Музея Максіма Багдановіча, яна апісала і стары пантонны мост, па якім фурманкі маглі праехаць толькі па чарзе, па адной, і вуліцу Саборную (сёння вул. Савецкая) – месца шпацыраў і сустрэч моладзі, і крамы на Рынку (сёння плошча Савецкая). Па словах Д.Бічэль, якой Зоська Верас перадала ўспаміны, «пісала адразу, ніякіх чарнавікоў не рабіла, а рукапіс быў без адзінай праўкі». Рукапіс «Старое Гродна» захоўваецца ў нашым музеі. У лісце да Дануты Бічэль Зоська Верас напісала: «Мае думкі часта лятуць у Гродна – да ценяў дзядоў маіх, да ўспамінаў аб шчырай заўзятай працы ў Гродзенскім гуртку беларускай моладзі, дзе я стала на беларускую дарогу…»
Зоська Верас і Максім Багдановіч
Гродна злучыў Зоську Верас і з Максімам Багдановічам – гэта горад дзяцінства іх абодвух. У фондах нашага музея захоўваецца фотаздымак пяцігадовай Людвікі, зроблены ў фотамайстэрні Садоўскага і Казлоўскага – той самай, у якой у 1892 годзе быў зроблены першы фотаздымак Максіма Багдановіча.
Ужо дарослымі людзьмі яны сустрэліся ў Мінску ў 1916 годзе, дзе разам працавалі ў Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны і сталі добрымі сябрамі. «Пра Максіма яна мне апавядала пры кожнай сустрэчы... Яна казала пра Максіма, які ён быў прыгожы, высокі, ажно згінаўся ад сваёй высокасці, а валасы ў яго былі каштанавыя, раскошныя, хвалістыя, а вочы блакітныя, а ў пахмурны дзень яны былі светла-шэрыя, а не карыя, як малявалі на карцінах. А я правакавала яе: «А Паўліна Мядзёлка мне казала, што Максім быў непрыгожы, бо надта бледны, хворы, кашляў і пацеў». А пані Людвіка аж падскочыла: «Няпраўда гэта! Ён быў бледны, але гэта яму было да твару. А калі кашляў, ён звычайна адыходзіў у бок. І меў заўсёды чыстую хусцінку, каб выцерці пот і вусны». Д.Бічэль «Хадзі на мой голас» [2008, с.132]. У нашым музеі экспануецца зборнік М.Багдановіча «Вянок» з надпісам Зоські Верас.
Зоська Верас і батаніка
У Гродне, у доме Элізы Ажэшкі, гімназістку Людвіку Сівіцкую ўразілі прымацаваныя да сцен кампазіцыі з засушаных кветак і лісця, зробленыя рукамі знакамітай пісьменніцы. Любіла складаць гербарыі і сама Зоська Верас, цікавілася батанікай, добра ведала лекавыя зёлкі. У Варшаве скончыла 10-месячныя курсы па садаводству, агародніцтву і бортніцтву, а намнога пазней вакол сваёй знакамінай “лясной хаткі” на акраіне Вільні мела багаты батанічны сад, у якім вырошчвала ўнікальныя гатункі кветак, дрэў, папараці, кітайскія, японскія, галандскія ружы, цытрыны, лаўр, арэхі. Яна запрашала мастакоў да сябе ў сад замалёўваць расліны ў розныя перыяды вегетацыі, збірала і сушыла зёлкі, стварала рэцэпты зёлкавых збораў. Госці, якія прыязджалі да Зоські Верас, каб даведацца аб беларускім адраджэнні пачатку ХХ ст., заўсёды маглі разлічваць на кубачак зёлкавай гарбаты.
Яе «Беларуска-польска-расейска-лацiнскi батанiчны слоўнiк» (1924) быў прыхiльна прыняты крытыкамі, якія адзначылі прыгожыя і вобразныя беларускія назвы раслiн. Цяпер слоўнiк Зоськi Верас – бiблiяграфiчная рэдкасць, адзiн асобнiк, мiж iншым, знаходзiцца ў Нацыянальнай бiблiятэцы ў Нью-Ёрку.
Зоська Верас і лісты
У лісце да Дануты Бічэль Зоська Верас прызналася: «Люблю атрымліваць лісты. Лістамі і жыву. Гэта мая сувязь з людзьмі…» «Лісты ад сяброў маладосці, а яна з усімі ліставалася і ведала іх лёсы на зямлі, у яе былі перавязаныя стужкай і складзеныя па храналогіі. Яна казала: «Пытаеце пра Пятра Ластаўку? Адчыніце шуфлядку ў тумбачцы. Той стосік, што з ружовым каснічком, гэта лісты ад яго. Пачытайце, каб мець жывое ўяўленне пра чалавека. Д.Бічэль «Хадзі на мой голас» [2008, с.133-134]. Больш за 100 лістоў і паштовак з архіва Зоські Верас захоўваецца ў Музеі Максіма Багдановіча.