У музеі з 1 лютага працуе выстаўка «Матчын дарунак ад самай калыскі...», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.
“Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
Ты самацветаў яскравая нізка…”
Ул. Дубоўка
Мова – наймацнейшы сродак захавання і развіцця духоўнай культуры народа, непарыўнай сувязі паміж нашымі продкамі і нашчадкамі, падмурак для этнічнай і нацыянальнай самасвядомасці людзей. З мэтай захавання моўнай і культурнай разнастайнасці быў заснаваны Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага.
Беларуская мова – гэта наш нацыянальны скарб. У штодзённым ужытку і творах вядомых пісьменнікаў беларуская мова часта гучыць як «спрадвечная, родная, матчына, першая мова». Доўгімі і складанымі былі шляхі станаўлення і развіцця пісьмовай спадчыны нашых продкаў ад старабеларускай да сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Падручнік «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевіча, выдадзены ў 1918 г., стаў штуршком для далейшага развіцця беларускага мовазнаўства. На выстаўцы экспануецца выданне 1929 г., пераробленае і пашыранае.
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены падручнікі і граматыкі розных аўтараў:
- К.Шапялевіч «Беларуская мова. Граматыка і правапіс» (Мн., 1933),
- Я.Лёсік «Школьная граматыка беларускае мовы» (Мн., 1927),
- Б.Тарашкевіч і Я.Лёсік «Беларускі правапіс» (Вільня, 1925),
- А.Севярнёва і С.Шыманская «Беларуская мова. Падручнік для першага класа» (Мн., 1964, 1968);
чытанкі:
- А.Якімовіч і Е.Гародкіна «Чытанка» (Мн., 1936),
- Ю.Тупяневіч і А.Тупяневіч «Юная раць» (Мн., 1932),
- Н.Мяшалкіна-Сіўко і Л.Лукіна «Будзь гатоў» (Мн., 1932),
- А.Пашкевіч (Цётка) «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (факсімільнае выданне, 1906);
часопіс для дзяцей «Заранка» (1927).
Цікавасць уяўляюць таксама пісьмовыя прылады і прадметы сярэдзіны ХХ ст.:
пенал школьны, чарніліца, падсвечнік, газавая лямпа.
Запрашаем на выстаўку!
Кошт – 10 капеек!
Музей працуе з 10.00 да 18.00, панядзелак – выхадны.