Дзень маці – гэта міжнароднае свята, якое ў Беларусі адзначаецца з 1996 г. штогод 14 кастрычніка.
Менавіта ў гэты дзень вучні 3 «Г» класа ДУА «Сярэдняя школа № 18 імя Л.М.Даватара г.Гродна» разам з класным кіраўніком Усцімавай Інгай Сяргееўнай пабывалі ў гасцях у музеі Максіма Багдановіча і сталі ўдзельнікамі мерапрыемства «І душы мацярэй нас могуць чараваці...», прымеркаванага да Дня маці.
Ушаноўванне жанчыны-маці мае шматвяковую гісторыю. У гэты дзень прынята віншаваць нашых паважаных, любых і дарагіх матуль. Як сонейка сваімі яркімі промнямі сагравае нашу зямлю, так і мама бясконцай любоўю сагравае нас усё жыццё.
На мерапрыемстве ў музеі дзеці даведаліся пра маму вядомага паэта Максіма Багдановіча – Марыю Апанасаўну: якую адукацыю яна атрымала, як моцна любіла сваіх дзетак, згодна якой методыцы іх выхоўвала, якімі сама валодала здольнасцямі і чаму так рана пайшла з жыцця.
На хвілінках-размінках дзецям было прапанавана скласці з кубікаў з літарамі словы: «мама», «матуля», «маці», «Вянок», «Беларусь» і інш., а таксама напісаць сапраўдным пяром і чарнілам віншавальную паштоўку сваёй матулі.
У другой частцы мерапрыемства вучняў чакаў прыемны сюрпрыз – сустрэча з дзіцячай пісьменніцай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, пераможцам абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» (2022) Таццянай Аркадзьеўнай Сучковай.
Пісьменніца пазнаёміла школьнікаў са сваімі кнігамі «Ты куда бежишь, тропинка?», «О госпоже печали и Настиной улыбке», «Удивительные приключения макаронины Моти и другие невероятные происшествия», «Необычайные приключения на острове плаксита», «Тёплый дожик», прачытала дзецям вершы, загадала загадкі, дала карысныя парады і падзялілася кулінарнымі рэцэптамі са сваіх кніг. Вучням вельмі спадабаліся «гумарыстычныя» вершы Таццяны Аркадзьеўны, бо гумар і смех – гэта радасць і здароўе. Дзеці прачыталі вершы Таццяны Сучковай «Пірог», «У лесе», «Что дороже всех на свете?»
Нашаму музею Таццяна Аркадзьеўна прысвяціла верш «У Музеі М.Багдановіча»:
Музей ля парку Жылібера:
Прытульны, дарагі куток.
З цудоўных вершаў на паперы
Паэтам сплецены вянок.
Заўсёды тут парыў натхнення,
Палёт душы і цішыня.
Жыццё яго адно імгненне:
Каханне, мужнасць, дабрыня.
Мы пройдзем разам па сцяжынках,
Дзе шчыра так кахаў паэт.
Жыццёвы шлях у фотаздымках,
У кожным вершы творчы след.
На сэрцы соладка ці горка,
Мы сёння, заўтра побач з ім.
Хай над зямлёй палае зорка,
Што ярка запаліў Максім.
У завяршэнні мерапрыемства мы зрабілі агульны здымак на памяць, а Таццяна Аркадзьеўна падарыла музею і вучням свае кніжкі, прыемныя і салодкія ўспаміны ад цёплай і шчырай сустрэчы.