У беларускіх павер'ях вадзянік - уладар вадаёмаў, чалавекападобны дух. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога, пакрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі, расплывістым тварам, гладкай ільсняной скурай і перапонкамі паміж пальцамі на нагах.
Лічылася, што гэтая міфічная істота жыве ў вірах рэк, на дне азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў. Вадзянік – нядобры дух, які псуе рыбалоўныя прылады, топіць чоўны, разбурае плаціны і млыны, зацягвае на дно людзей і жывёл. На працягу дня Вадзянік звычайна ляжыць, распластаўшыся на дне, а пасля заходу сонца аб’язджае па свае валадарствы вярхом на соме. Асаблівую актыўнасць уладар водных прастораў праяўляе на Купалле ці Іллю.
Калі Вадзянік выйшаў на бераг і абсох, ён не зможа вярнуцца ў ваду і гіне. Чалавеку, які ўкіне яго з сушы ў ваду і тым самым выратуе яму жыццё, Вадзянік спрыяе ў рыбалцы, можа дапамагчы, калі чалавек пачне тануць.
Даведацца цікавыя факты пра Вадзяніка і пазнаёміцца з аднайменным вершам Максіма Багдановіча дзеці могуць у нашым Музеі, у час занятка «Максімаў домік у Гродне»