19 чэрвеня спаўняецца 97 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава - празаіка, публіцыста, грамадскага дзеяча, аўтара сусветна вядомых твораў «Жураўліны крык» (1960), «Альпійская балада» (1964), «Круглянскі мост» (1969), «Дажыць да світання» (1973), «Знак бяды» (1984), «У тумане» (1989) і іншых аповесцей, дзеянне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны, у якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.
Па словах пісьменніка Аляксея Карпюка, у творах Васіля Быкава адлюстравана «суворая праўда жыцця ў спалучэнні з любоўю да чалавека ды болем за Радзіму» (А.Карпюк «Развітанне з ілюзіямі», 2008, с.158). Паэтэса Данута Бічэль успамінала, што Васіль Быкаў «не перапісваў сюжэтаў з людскіх прыгодаў, а браў для аповесці падзею, якую перажыў сам, паказваў буйным планам… Неяк так выходзіла, што ён пісаў пра малы эпізод прыватнага жыцця на вайне, а да гэтага мела дачыненне ўсё чалавецтва» (Д.Бічэль «Хадзі на мой голас», 2008, с.73).
Пазнаёміцца з біяграфіяй і творчасцю народнага пісьменніка можна ў экспазіцыі «Гродзеншчна літаратурная» Музея Максіма Багдановіча, дзе прадстаўлены фотаздымкі і дакументы з архіва Васіля Быкава, рукапісы гродзенскага перыяду жыцця, творы ў перакладзе на розныя мовы свету, а таксама асабістыя рэчы пісьменніка.
Васіль Быкаў на Замкавай гары
Гродна, 1970-я гг.