11 сакавіка супрацоўнікі Музея Максіма Багдановіча наведалі творчую сустрэчу з паэтэсай Таццянай Мікалаеўнай Яцук, якая абылася ў межах праекта «Вітаем сяброў» у Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага.
Таццяна Мікалаеўна нарадзілася 19 сакавіка 1963 года ў вёсцы Радагошча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1985 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ. З 1988 года жыве ў горадзе Баранавічы, працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 4. Друкавалася ў трох калектыўных зборніках, у раённых, абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях. У 2017 годзе пабачыў Першы паэтычны зборнік - «Груша над абрывам» - выйшаў у 2017 годзе. За першай кнігай убачылі свет наступныя: «Маладосць на выданні», «Валошкавыя сны» (абедзве ў 2018), «Паэма блукання і веры», «Бліскавіцы над Свіцяззю» (абедзве ў 2019 г.), «Алфавітная музыка слоў» (2020), «За сіняй птушкай» (2020). На словы Таццяны Яцук напісаны 17 песень, запісаны дыск. У лістападзе 2021 года Таццяна Мікалаеўна стала членам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Лірыка Таццяны Яцук – гэта паэзія жаночага сэрца. У ёй - філасофскі роздум над каштоўнасцямі жыцця, клопат аб сваёй зямлі і яе людзях, захапленне гістарычнымі мясцінамі Беларусі.
Роднае
Маці паліць у печы,
Праз комін дымяцца дровы.
Ціха ступае вечар,
Цепліцца час вечаровы.
Конікі ў росных травах
Наперабой стракочуць.
I ў залатых аправах
Зоркі на ўлонні ночы.
Смачна запахла хлебам
Скошаная пшаніца.
Паміж зямлёй і небам
Рэчка, як сталь, бруіцца.
I прымяраюць травы
3 росных караляў абновы.
Усё адкладаю справы,
Вечар вітаю новы.
Маці ў садку прысядзе,
Пах ад кастрышча горкі.
I паплывуць па садзе
Ціхія нашы гаворкі.
Штодзённых падзеяў замець,
Клін выбіваем клінам.
I ўваскрашае памяць
З юнацтва майго ўспаміны.