19 чэрвеня спаўняецца 98 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава – сусветна вядомага празаіка, публіцыста, грамадскага дзеяча, аўтара твораў «Жураўліны крык» (1960), «Альпійская балада» (1964), «Круглянскі мост» (1969), «Дажыць да світання» (1973), «Знак бяды» (1984), «У тумане» (1989).
Прапануем вам цікавыя факты з дзяцінства знакамітага пісьменніка.
Першыя ўспаміны Васіля Быкава звязаныя з возерам, куды ён хадзіў разам з сябрам Валодзем самавольна, без дазволу бацькоў. У возеры купалiся, вудзiлi рыбу, лавiлi ракаў. Калi хлопчык трохi падрос, лавіць ракаў хадзілі ноччу: «Хадзiлi ноччу са смаляком. Смаляк запалiш, а яны вакол выпаўзаюць на водмель, нават страшнавата робiцца. А то засунеш руку ў падмытае карнявiшча на беразе, а ён – цоп за палец, i цягнеш яго» (Васіль Быкаў «Доўгая дарога дадому», Мінск, 2003).
У класе Васіль Быкаў быў самым малодшым. Усе сябры былi старэйшыя за яго i пайшлi ў школу раней, а 6-гадоваму Васілю сумна было сядзець аднаму дома, калі ў школе адбывалася нешта цiкавае. Аднойчы бацька ўзяў яго за руку i павёў да настаўнiка. Той даў хлопчыку сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, з якiм Васіль хадзiў на возера, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацiнку і ўставiў туды пяро. I Васіль пачаў вучыцца.
У чацвёртым класе Васіль застаўся на другі год, таму што… вельмі добра вучыўся. У пачатковай школе ў Двары-Слабодцы парты ў класным пакоі былі састаўленыя ў два рады – трэці і чацвёрты класы. Пакуль настаўнік займаўся з адным класам, другі працаваў самастойна. Васіль хуценька рабіў заданне па мове ці арыфметыцы і слухаў, што рабілася ў чацвёртым класе, напрыклад, гісторыю. Калі настаўнік задаваў пытанне, на якое ніхто з чацвёртага класу не мог адказаць, Васіль паднімаў руку. Хутка настаўнік перасадзіў здольнага вучня ў чацвёрты клас. Васіль скончыў чацвёрты клас, а пятага ў школе не было. Васіль быў малы, каб хадзіць у школу ў іншую вёску, Кублічы, і бацька пакінуў яго яшчэ на год у чацвёртым класе.
Калі Васіль другі раз скончыў чацвёрты клас у Двары-Слабодцы, далей трэба было хадзіць у пяты ў Кублічы, аднак у хлопчыка не было абутку. Неяк на перапынку Васіля паклікаў дырэктар і сказаў: «Ідзі ў сельмаг і выберы сабе чаравікі. Скажы, дырэктар прыслаў». Хлопчык так і зрабіў, а пасля заняткаў дырэктар уручыў яму новенькія чаравічкі.
У школе Васілю вельмі падабалася прыгоднiцкая лiтаратура. Асабліва любіў кнігі Жуля Верна і Янкi Маўра. Вельмі хацеў прачытаць аповесць Якуба Коласа «Дрыгва», пра якую дазнаўся са школьнай граматыкi. Каб зарабіць грошай і набыць кнігу ў краме, хлопчык здаваў у нарыхтоўчыю кантору лыка лазы.
Аднойчы ў рукі будучага пісьменніка трапіла рэдкая па тым часе кнiга Жуля Верна «Из пушки на луну», якая яму вельмі спадабалася. Даведаўшыся, што на беларускай мове гэтага выдання няма, Васіль сам зрабіў пераклад з рускай мовы на беларускую і паслаў у Мінск у газету «Піянер Беларусi», каб там надрукавалi i пазнаёмiлi беларускiх дзяцей з гэтым творам.
Праз сваю любоў да чытання Васіль меў «двойку» па матэматыцы: «Некалькi год у школе я сядзеў за адной партай з Шуркам Андрэйчыкам. То быў цiхмяны, задуменны хлапец, добра вучыўся па матэматыцы. Лепш за мяне. Але я лепей пiсаў дыктоўкi i сачыненнi. Тады мы стварылi пэўную кааперацыю i памагалi адзiн аднаму: ён мне па матэматыцы, а я яму па мовах. З цягам часу я зусiм занахабнiчаў i на ўроках матэматыкi чытаў пад партаю кнiжкi. Так доўжылася, аж пакуль дырэктар Слiмборскi, ён жа выкладчык матэматыкi, мяне не злавiў i не паставiў двойку. Мусiў выпраўляцца. Было сорамна, бо па астатнiх прадметах меў адны пяцёркі» (Васіль Быкаў «Доўгая дарога дадому», Мінск, 2003).