І вось звярнуўся я к рандо, санетам,
І бліснуў ярка верш пануры мой:
Як месяц зіхаціць адбітым светам
Так вершы ззяюць даўніх форм красой!
(М. Багдановіч)
Максім Багдановіч – паэт, які далучыў беларускую літаратуру да сусветнай, з чужой глебы перанёсшы, прывіўшы ёй класічныя формы. Яго дасканалыя, пранікнёныя вершы, пакладзеныя на музыку, і ў наш час не пакідаюць чытачоў і слухачоў абыякавымі, з’яўляюцца каштоўным скарбам духоўнай культуры народа.
М. Багдановіч яскрава адлюстраваў у сваіх вершах прыгожую беларускую прыроду. Адам Ягоравіч пра свайго сына казаў: “У працы быў настойлівы і ўпарты. Захоплены якойсьці мэтай, ён цвёрда і няўхільна імкнуўся да яе здзяйснення. З той жа ўпартасцю ставіўся і да вывучэння беларускай мовы, і да напісання вершаў на ёй”.
24 мая ў Музеі Максіма Багдановіча адбылося мерапрыемства «Так вершы ззяюць даўняю красой!» з нагоды Дня памяці паэта. У мерапрыемстве прынялі ўдзел пісьменнікі гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», вучні ДУА «Дзіцячая музычная школа мастацтваў №1 імя Ю.В. Семянякі г. Гродна», паэты гродзенскага літаратурнага аб’яднання «Надзея».
З уласнымі вершамі, прысвечанымі Максіму Багдановічу ці напісанымі пад уплывам яго творчасці, выступілі: Браніслаў Ермашкевіч – паэт, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Марына Ермаловіч – кіраўнік гродзенскага літаб’яднання «Надзея», члены гэтага літаб’яднання Вольга Пянькова, Святлана Елісеева, Лілія Шалешка.
У музеі загучалі песні ў выкананні вучняў ДУА «Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 1 імя Ю.В. Семянякі г. Гродна»: песню «Беларусь, ты мой родны кут» выканала Ксенія Бацян, «Куточак Беларусі» – Эльвіра Бібіла, “Гучыць напеў” – Раман Бярнацкі і Яўген Сівы. Дар’я Пучкоўская выступіла з песняй «Сэрца зямлі маёй». Мацвей Мацюк выканаў байку Максіма Багдановіча «Варона і чыж», у якой аўтар высмеяў пустое бахвальства і ліслівасць. Да выступлення дзяцей падрыхтавала настаўнік вакалу Наталля Зігмандаўна Жалкоўская.
Кожны з гасцей музея меў магчасць паўдзельнічаць у віктарыне паводле жыцця і творчасці М. Багдановіча, якую падрыхтавалі і правялі супрацоўнікі музея. Удзельнікі разгадвалі крыжаванку, рэбусы, адгадвалі зашыфраваныя назвы раслін і птушак, што ўзгадваліся ў творах класіка.
Напрыканцы мерапрыемства кожны атрымаў салодкі пачастунак, а вершы ў выкананні нашых гасцей працягвалі гучаць за кубачкам гарбаты.