7 кастрычніка Музей Максіма Багдановіча наведала Савельева Вольга Яўгенаўна – нашчадак цёткі Максіма Багдановіча – Марыі Ягораўны Галаван (Багдановіч).
Родны дзядуля Вольгі Яўгенаўны – Галаван Андрэй Трыфанавіч (1900-1964) – стрыечны брат Максіма Багдановіча. Нарадзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе ў сям’і Трыфана Пятровіча Галавана і Марыі Ягораўны, якая пасля смерці маці паэта тры гады займалася выхаваннем пляменнікаў.
Андрэй Трыфанавіч выдатна вучыўся ў гімназіі. Скончыў Ленінградскі электратэхнічны інстытут (1926). Доктар тэхнічных навук, прафесар (1943). Ён цікавіўся жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча. Падтрымліваў цесную сувязь са сваякамі паэта. Зрабіў копію з сшытка “Зеленя” – рукапіснага зборніка перакладаў Максіма Багдановіча на рускую мову. Менавіта з гэтай копіі пераклады паэта ўпершыню друкаваліся ў “Творах” (1927, т.1). Аказаў вялікую дапамогу беларускаму бібліёграфу Н. Б. Ватацы ў пошуках аўтографаў Максіма Багдановіча і кніг з яго дароўнымі надпісамі.
Вольга Яўгенаўна падзялілася ўспамінамі пра дзядулю, разважаннямі пра лёс продкаў і сваякоў, распавяла пра сваё жыццё. Цёплая сустрэча абяцае працяг нашага знаёмства і плённага супрацоўніцтва.