У Музеі Максіма Багдановіча з 31 мая працуе выстаўка «Кніжка выбраных вершаў», прымеркаваная да 110-годдзя выдання кнігі “Вянок” Максіма Багдановіча.
Максім Багдановіч (09.12.1891-25.05.1917) – самы малады класік беларускай літаратуры, паэт-наватар, празаік, перакладчык, крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст. Творчая спадчына паэта ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры.
“Вянок” – адзіная прыжыццёвая кніга паэта, выдадзеная накладам 2000 асобнікаў. Зборнік пабачыў свет 110 гадоў таму - у 1913 годзе. “Вянок” уключае 92 вершы і 2 паэмы. “Кніжка выбраных вершаў” – так назваў свой зборнік Максім Багдановіч. Канчатковая назва “Вянок” з падзагалоўкам “Кніжка выбраных вершаў” была дадзена Вацлавам Ластоўскім у час, калі зборнік знаходзіўся ў друку. Ім жа прапанавана выява вянка на вокладцы кнігі.
Увазе наведвальнікаў на выстаўцы прадстаўлены кнігі твораў Максіма Багдановіча:
“Вянок. Зборнік вершаў” (1927),
“Творы М.Багдановіча. Вершы – апавяданні. Том І” (1927),
“Выбраныя творы” (1940),
“Выбраныя творы” (1946),
“Маладзік. Лірыка” (1968),
“Вершы”(1973),
“Вянок. Кніжка выбраных вершаў”, факсімільнае выданне (1981),
“Мае песні. Выбраныя вершы” (1991),
“Вянок. Вершы, паэмы” (1994),
“Інтымны дзённік. Выбраныя творы” (2006).
Таксама на выстаўцы экспануюцца кнігі, прысвечаныя даследаванню жыцця і творчасці паэта:
М.Грынчык “Максім Багдановіч і народная паэзія” (1963),
Я.Міклашэўскі “Каханне і смерць, або лёс Максіма Багдановіча” (1995),
А.Кабаковіч “Паэзія Максіма Багдановіча” (1978).
Цікавасць уяўляюць паштоўкі з выявай Максіма Багдановіча 1963, 1991 гадоў, пласцінка “Вянок. Вершы М.Багдановіча” з запісамі 1975 і 1982 гадоў, памятны медаль “Максім Багдановіч 1891-1917” (аўтар Леў Талбузін).
Запрашаем на выстаўку!
Кошт – 10 капеек!
Музей працуе з 10.00 да 18.00, панядзелак – выхадны.