5 красавіка гурманы ўсяго свету адзначаюць Міжнародны дзень супу.
Хто з’яўляецца аўтарам гэтай стравы – невядома. Традыцыя замочваць кавалачкі хлеба ў гарачым адвары вядомая са старадаўніх часоў, а першыя супы з мяса бегемота елі яшчэ 6 тысяч гадоў таму. Слова «суп» паходзіць ад французскага soupe, якое ўтварылася ад познелацінскага suppa – «адвар з замочаным хлебам».
Самы старажытны рэцэпт супу знаходзіцца ў кнізе Апікура, датаванай 4 стагоддзем. Калі хочаце паспрабаваць яго прыгатаваць, вазьміце наступныя інгрэдыенты: аліўкавы алей, мясны фарш, мазгі, пшаніцу, перац, лаўровы ліст, кмен, віно і ферментаваны рыбны соўс.
У Старажытнай Русі супы падзяляліся на бедныя і багатыя. Так, капусту, звараную на мясным булёне з бульбай, бураком, морквай, цыбуляй, фасоляй або грыбамі, называлі «багатай», а капусту на вадзе з цыбуляй – «пустой».
Рэцэпты супоў здзіўляюць сваёй разнастайнасцю. Супы бываюць на вадзе, на булёне, на малацэ, на квасе, на кефіры, на віне, на соку агародніны і нават на аснове шакаладу.
Папулярныя супы беларускай кухні – юшка, жур, грыбны суп, гарохавы суп і інш. Прапануем вам некалькі рэцэптаў традыцыйных беларускіх супоў з камплекту паштовак «Белорусская кухня» (Мінск, 2017) з фондаў Музея Максіма Багдановіча.
Грыбны суп з ячнымі крупамі
Інгрэдыенты: 50 грамаў сушаных грыбоў, 4 бульбіны, 4-5 сталовых лыжак ячных круп, 1 морква, 1 цыбуліна, 50 грамаў сметанковага масла, 2 сталовыя лыжкі смятаны, чорны перац, лаўровы ліст, пятрушка, кроп, соль.
Сушаныя грыбы прамыць, замачыць у халоднай вадзе на 2 гадзіны. Адварыць у падсоленай вадзе. Ячныя крупы паставіць для набухання на 2 гадзіны, затым варыць да гатоўнасці на працягу 30 хвілін. Грыбы і крупы пакласці ў булён, дабавіць нарэзаную кубікамі бульбу, паварыць 15 хвілін, дабавіць пасіраваныя моркву і цыбулю, спецыі. Гатовы суп падаваць са смятанай.
Халаднік па-беларуску
Інгрэдыенты: 800 грамаў шчаўя, 4 бульбіны, 2 свежых агуркі, 100 грамаў зялёнай цыбулі, 2-3 яйкі, 100 грамаў смятаны, 2 гарбатныя лыжкі цукру, лаўровы ліст, соль і перац, 1 сталовая лыжка рубленага кропу.
Нарэзаную кубікамі бульбу адварыць у падсоленай вадзе, дадаць шчаўе, астудзіць. Дробна парэзаць зялёную цыбулю і агуркі, дабавіць рубленае яйка. Суп заправіць цукрам, соллю, перцам. Перад тым, як падаць на стол, дадаць смятану і пасыпаць кропам.