Сёння падсвечнікі выконваюць дэкаратыўную функцыю. Аднак яшчэ два стагоддзі таму падсвечнікі былі ў кожным доме, бо менавіта свечкі выкарыстоўваліся для асвятлення памяшкання, а падсвечнік быў неабходны для іх мацавання і пераносу.
Самыя першыя падсвечнікі з’явіліся ў Старажытным Егіпце і выкарыстоўваліся як прадметы рэлігійнага культу – па форме яны нагадвалі кветку лотасу, з якой з’явіўся на свет бог Ра. Падсвечнікі выраблялі з дрэва, гліны, металу, слановай косці, трыснягу. У ХVІ - ХVІІ стст. многія рамеснікі пачалі выкарыстоўваць волава, бронзу і срэбра, а ў эпоху Адраджэння скульптары і мастакі ўпрыгожвалі падсвечнікі разьбой, фігуркамі людзей, жывёлаў і грэчаскіх багоў, раслінным арнаментам, роспісам, каштоўнымі камянямі, пакрывалі пазалотай. Безумоўна, гэта былі прадметы раскошы, якія маглі дазволіць сабе толькі багатыя людзі. У ХІХ ст. папулярнымі матэрыяламі былі чыгун, латунь, каванае жалеза, мармур.
Прыгожыя падсвечнікі захоўваюцца ў Музеі Максіма Багдановіча. Напрыклад, каваны металічны падсвечнік 1980-х гг. з адным свечачнікам у выглядзе ружы вышынёй усяго 7,5 см. Невысокія падсвечнікі, якія экспануюцца ў мемарыяльным пакоі «Кабінет бацькі», прымацаваны да падстаўкі з каменя і маюць фігурную ручку ў выглядзе лісціка – з такімі падсвечнікамі можно было перамяшчацца па пакоях кватэры. Вытанчаныя падсвечнікі з «Матчынага пакоя» ўпрыгожаны раслінным арнаментам, у «Дзіцячым пакоі» – падсвечнік канца ХІХ ст. на падстаўцы з ружовага мармуру.