Выстаўка прымеркавана да 35-годдзя Музея Максіма Багдановіча.
16 мая 1986 года ў мемарыяльным доме па вул. 1 Мая, 10 адбылося ўрачыстае адкрыццё першай экспазіцыі «Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры».
Увазе наведвальнікаў прадстаўлена запрашэнне на гэтае святочнае мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел заслужаны работнік культуры БССР Віктар Губіч, народны паэт БССР Ніл Гілевіч, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы Аляксей Пяткевіч, аўтар экспазіцыі, стваральнік музея, паэтэса Данута Бічэль, а таксама вядомыя навукоўцы, пісьменнікі і жыхары горада.
У 1990-я гады быў праведзены капітальны рамонт і перапланіроўка будынка, пабудавана новая экспазіцыя, якая дзейнічае да гэтага часу. Генеральнае рашэнне па афармленні музея было зроблена А.Грачовым, аўтар экспазіцыі – Д.Бічэль. Работы праводзіла група мастакоў Мінскага мастацка-афарміцельскага камбіната пад кіраўніцтвам В.Пратасені.
Урачыстае адкрыццё адноўленай экспазіцыі адбылося 26 мая 1994 года. Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч, народны паэт БССР Ніл Гілевіч, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Вячаслаў Брыкач і іншыя.
Да ўвагі наведвальнікаў упершыню прадстаўлены экспанаты з сямейнага архіва Багдановічаў, што захоўваюцца ў фондах музея: ліст Кацярыны Пешкавай да зводнага брата Максіма - Паўла Багдановіча (СССР, 1957), фотаздымак святкавання Новага года ў сям’і Максіма Горкага і Кацярыны Пешкавай, на якім прысутнічаў Адам Багдановіч з другой жонкай Аляксандрай Волжынай (Ніжні Ноўгарад, 1899).
Цікавасць уяўляюць фотаздымкі з літаратурна-музычных мерапрыемстваў, якія прайшлі ў музеі ў апошнія гады: «Пясняр сугучнасці» (2016), «Жыццё чуваць з усіх старон…» (2017), «І ўспомніў я час…» (2019), «Снежаньскія чытанні» (2019) і інш. Музей Максіма Багдановіча неаднаразова станавіўся пляцоўкай для правядзення міжнародных мерапрыемстваў, напрыклад: літаратурнай імпрэзы «Максім Багдановіч і ўвесь свет» (2018) і навукова-практычнай канферэнцыі «Культурная спадчына ў кантэксце ўстойлівага развіцця» (2019).