У Музеі Максіма Багдановіча з 1 чэрвеня 2020 года працуе выстаўка «Кожны з нас паэт».
На выстаўцы прадстаўлены кнігі, рукапісы, фотаздымкі і асабістыя рэчы беларускіх паэтаў Дануты Бічэль, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Іверса, Юркі Голуба і Янкі Насуты. Кожны з іх прыйшоў у паэзію сваім шляхам, але ўсе яны ўклалі ў свае творы частку душы, падарылі чытачам яркі метафарычны свет, дзе ёсць месца мары, надзеі і каханню.
Бяздонным вытокам натхнення для Дануты Бічэль сталі вобразы роднага краю і дому. У творчасці паэткі знайшлі адлюстраванне ўсе жанры вуснай народнай творчасці. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены:
- Д.Бічэль «Ты – гэта ты» (Мінск, 1976)
- Д.Бічэль «Браткі» (Мінск, 1979)
Рыгор Барадулін сваёй творчасцю дае адказ на пытанне, хто такі паэт і што такое паэзія, хвалюецца за лёс Бацькаўшчыны, заклікае да чалавечнасці. Пад пяром творцы нараджаюцца гімны і оды, элегіі і балады. Экспануюцца выданні:
- Р.Барадулін «У неба пехатою» (Мінск, 2014)
- Р.Барадулін «Самота паломніцтва» (Мінск, 1990)
Творы Уладзіміра Караткевіча – дзівосныя і прыцягальныя. Няма такога літаратурнага жанру, у якім бы не працаваў непаўторны класік, паглыбляючыся ў духоўную спадчыну нашага народа. На выстаўцы прадстаўлены зборнік вершаў «Быў. Ёсць. Буду.» (Мінск, 1986) – кніга-прызнанне ў любові да роднага краю.
Бескарыслівай любоўю да Радзімы, да свайго народа, да чалавека працы напоўнена паэзія Анатоля Іверса (сапр. І.Міско). Экспануюцца зборнікі вершаў паэта:
- А.Іверс «Жыву ў бацькоўскім краі» (Мінск, 1982)
- А.Іверс «Прыдарожныя сосны» (Слонім, 1995)
- А.Іверс «Я пайшоў бы ўслед за летам... » (Мінск, 1987)
Вершы гродзенскага паэта Юркі Голуба арыгінальныя па думцы і выкананні, хвалююць і лёгка запамінаюцца. Да ўвагі наведвальнікаў:
- Ю.Голуб «Брама зімы» (Мінск, 2004)
- Ю.Голуб «Краявід» (Гродна, 2017)
- Ю.Голуб «Помню пра цябе» (Мінск, 1983)
- Ю.Голуб «Поруч з даждом» (Мінск, 2001)
Шчырая любоў да роднай зямлі, да свайго народа, да яго духоўных скарбаў вызначыла творчы шлях паэта-песенніка Янкі Насуты. Экспануюцца зборнікі песень на вершы Я.Насуты:
- Я.Насута «Беларусь – наша пеўчае поле» (Гродна, 2015)
- Я.Насута «Беларуская хата на нявесты багата» (Гродна, 2005)
Частка экспануемых кніг – з аўтографамі аўтараў.
На выстаўцы таксама прадстаўлены аўтограф верша Р.Барадуліна «Каложа» і аўтограф верша А.Іверса «Максіму Багдановічу», фотаздымкі Д.Бічэль (Ліда, 1955), Р.Барадуліна (Вушачы, 2005),У.Караткевіча (Мінск, 1984), А.Іверса (Слонім, 1943) і Я.Насуты (1953), экслібрыс Ю.Голуба з надпісам паэта (Рэспубліка Беларусь, 2006), пацеркі Д.Бічэль (СССР, 1980-я гг.), медалі Я.Насуты «50 лет Победы в Великой Отечественной войне 1941-1945» (Расійская Федэрацыя, 1995) і «60 лет Победы в Великой Отечественной войне 1941-1945» (Расійская Федэрацыя, 2005).
Запрашаем на выстаўку! Уваход для ўсіх – 5 капеек!
Музей працуе з 10.00 да 18.00.