7 снежня 2017 г. у Музеі Максіма Багдановіча адбылося мерапрыемства «Гукі Бацькаўшчыны», прымеркаванае да 126-годдзя з дня нараджэння М.Багдановіча. Народжаны над Свіслаччу, калыханы гарадзенскімі хвалямі Нёмана, Максім Багдановіч усе свае юнацкія гады правёў далёка ад іх – на Волзе. Жывучы за межамі Радзімы, паэт вывучаў Беларусь у гутарках з бацькам, цёткамі, чытаў кнігі па гісторыі, этнаграфічныя працы, фальклорныя зборнікі. У цыкле вершаў «Згукі Бацькаўшчыны», згадваючы родныя песні продкаў, паэт імкнуўся праз іх высокі сэнс зазірнуць у думкі сваіх землякоў.
Старадаўнія беларускія народна-песенныя традыцыі вывучаюцца і захоўваюцца і ў наш час. Пад гучныя апладысменты прысутных у пачатку мерапрыемства выступіў фальклорны ансамбль «Кужаль» Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (мастацкі кіраўнік – Наталля Вікуння- Аррыетта).
У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты 1 курса спецыяльнасці «Беларуская мова» УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы»: Букіна Дар’я, Гузевіч Наталля, Калянкевіч Вольга, Сяцько Маргарыта, Максімік Алёна, Богдан Павел. Яны выразна і артыстычна прачыталі вершы Максіма Багдановіча «Народ, Беларускі народ!», «Мяжы», «Перапісчык», «Пагоня», «Краю мой родны, як выкляты Богам…».
Бліскучымі былі выступленні вучаніц УА «Сярэдняя школа № 12». Санет М.Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі» прачытала Скаленка Алеся, верш «Кніга» прагучаў з вуснаў Скаленка Крысціны. Прарочыя словы паэта «нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч» перадала нам, сучаснікам, Чулада Рэната (верш «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…»).
У музейна-музычнай імпрэзе «Гукі Бацькаўшчыны» ўзялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Антонаўна Кебіч, прафесар і літаратуразнаўца Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, дацэнт, паэтка і літаратуразнаўца Ала Мікалаеўна Петрушкевіч. Яскравым і кранальным было выступленне пісьменніка Дзмітрыя Радзівончыка, які прачытаў эсэ, напісанае пад уражаннем ад наведвання магілы М.Багдановіча ў Ялце.
Цёплы музычны настрой усім гасцям падарыў таленавіты малады музыкант Павел Бандарэнка, студэнт Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа (клас выкладчыка Уладзіміра Захарава).
Да спадобы прыйшлася гасцям і віктарына. Выйгрышныя нумаркі выцягнула Святлана Георгіеўна Ляскевіч, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы. «Шчасліўчыкі» бездакорна выканалі кожны сваё заданне і атрымалі падарункі. №1 – сярод прапанаваных партрэтаў беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў выбраць партрэты Максіма Багдановіча. №2 – сярод аўтографаў вядомых асобаў вызначыць аўтографы Максіма Багдановіча. Самым інтрыгуючым было заданне для «шчасліўчыка» № 3 – «чорная скрыня». У запісе прагучаў верш М.Багдановіча «Зімой». Прадмет, які згадваўся ў вершы (ва ўменьшаным выглядзе), і быў схаваны ў «чорнай скрыні».