9 жніўня адзначаецца Сусветны дзень кнігалюбаў. Гэта дзень, калі варта згадаць пра вялікі скарб, з дапамогай якога мы вучымся, расцём, пашыраем кругагляд і, безумоўна, атрымліваем асалоду, - пра кнігу. Менавіта ў гэты дзень пісьменнікі, літаратуразнаўцы, працоўныя друкарняў і кнігарняў, бібліятэк і ўсе аматары чытання прымаюць віншаванні.
Максім Багдановіч быў адным з такіх людзей. Яго пісьмовы стол, паводле ўспамінаў сяброў, заўсёды быў запоўнены кнігамі. Вядомы кнігалюб, ён ўсё жыццё прайшоў з кнігай, сістэматычна вывучаў беларускія публікацыі і збіраў розныя выданні. Не без прычыны мянушка “Максім-кніжнік”, што замацавалася за ім яшчэ ў дзяцінстве, стала адным з псеўданімаў паэта.
У нашым музеі захоўваюцца “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі і “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” Якуба Коласа, выпускі газет “Наша доля” і “Наша ніва”, выданні пецярбургскай суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, першыя беларускія календары і іншыя каштоўныя матэрыялы. Паводле архіўных дакументаў, успамінаў і ліставання, усе яны маглі захоўвацца ў асабістай бібліятэцы Максіма Багдановіча.
Магчыма, для многіх з нас гэта свята стане падставай для таго, каб зазірнуць у кнігарню, каб, як і Максім Багдановіч у свой час, папоўніць уласную кніжную калекцыю, зайсці ў бібліятэку, правесці час за кнігай і атрымаць асалоду ад чытання, абмеркаваць з сябрамі апошнія кніжныя навіны або паўдзельнічаць у буккросінгу.