21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Мова адыгрывае значную ролю ў забеспячэнні самабытнасці і адметнасці мірнага суіснавання чалавека і групы людзей. Яна з'яўляецца найбольш прагрэсіўным інструментам захавання і развіцця нашай культурнай спадчыны. Любая дзейнасць, якая спрыяе распаўсюджванню роднай мовы, дапаможа не толькі лінгвістычнай разнастайнасці і шматмоўю, але і адносна поўнаму разуменню моўных і культурных традыцый ва ўсім свеце.
Сёння ў свеце існуе каля 6000 моваў і 43 адсоткі з іх знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Толькі некалькі соцень моваў адыгрываюць значную ролю ў сістэме адукацы і дзяржаўнай сферы, менш за 100 моваў выкарыстоўваюцца ў сферы лічбавых тэхналогій.
З нагоды святкавання Міжнароднага дня роднай мовы 19 лютага супрацоўнікі Музея Максіма Багдановіча пабывалі ў гасцях у пяцікласнікаў ДУА «Сярэдняя школа № 39 г.Гродна». Навуковыя супрацоўнікі музея падрыхтавалі і правялі для вучняў тэматычны занятак з майстар-класам «Кветка радзімы - васілёк».
Дзеці пазнаёміліся з жыццём і творчасцю класіка беларускага паэтычнага слова Максіма Багдановіча, яго вершамі «Зімой», «Слуцкія ткачыхі», «На чужыне». Даведаліся пра тое, што менавіта дзякуючы Максіму Багдановічу вобразам-сімвалам Беларусі з’яўляецца ВАСІЛЁК і як гучыць назва гэтай кветкі на чатырох мовах – рускай, беларускай, польскай, лацінскай.
Вучні ахвотна згулялі ў гульню «Як мы ведаем назвы кветак, раслінаў і ягад па-руску і па-беларуску», з задавальненнем падчас майстар-класа самастойна зрабілі з фаамірану сваімі рукамі паштоўку з васількамі. Кожны вучань атрымаў на памяць вобраз-сімвал нашай Радзімы і кавалачак блакітнага і мірнага неба Беларусі.
Напрыканцы тэматычных заняткаў вучні ахвотна прачыталі ўрывак з верша М.Багдановіча «На чужыне».
Прагляд відэа тут:
Віншуем усіх са святам – з Міжнародным днём роднай мовы!
Шчыры дзякуй настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Урублеўскай Эме Уладзіміраўне за арганізацыю гэтага свята і малодшаму навуковаму супрацоўніку музея Анастасіі Генадзьеўне Грушэўскай за правядзенне тэматычных заняткаў з вучнямі.