У ліпені бягучага года спаўняецца 29 гадоў з таго дня, як не стала сярод нас, гродзенцаў, таленавітага пісьменніка, грамадскага дзеяча, былога камандзіра партызанскага атрада Аляксея Нічыпаравіча Карпюка (14.04.1920-14.07.1992).
Паэтэса Д.Бічэль-Загнетава пакінула пра яго такія ўспаміны: «…неспакойны і надзейны сябра, магутнае дрэва, на якое заўсёды можна было абаперціся, як сказала яго жонка, добры чорны хлеб, як любіла казаць Ларыса Геніюш… Для яго пісьменніцкая справа была прыгодай жыцця і выпрабаваннем свайго лёсу. Яму трэба было ўвесь час спраўджваць сябе на смеласць. У аснове сюжэтаў яго твораў былі падзеі яго жыцця. Але ў яго быў такі характар – ён імкнуўся абняць неабдымнае, захапіць усё, што толькі дасца, закруціць экстрэмальны сюжэт. Уцягнуць як мага болей герояў, каб было адначасна і смешна, і страшна, і цікава. І было ў Карпюка дзіўнае жаданне, што жыццё настолькі цікавае, што кожная яго праява можа стаць фактам літаратуры». Д.Бічэль «Хадзі на мой голас» [2008, с.69-75].
У Музеі Максіма Багдановіча захоўваюцца выданні твораў А.Карпюка на беларускай, рускай, польскай, чэшскай мовах. У экспазіцыі «Гродзеншчына літаратурная» прадстаўлены фотаздымкі, рукапісы, асабістыя рэчы А.Карпюка (гадзіннік, кубак, падсвечнік, ручка, акуляры, пісьмовы прыбор). Аб ваенным мінулым пісьменніка нагадваюць яго паходная сумка, тэатральная лялька-воін і франтавыя лісты-трохкутнікі да бацькоў і родных.
Лісты-трохкутнікі, паштовыя карткі, паведамленні ў самаробных канвертах... Словы, напісаныя на паперы, маглі стаць апошняй магчымасцю салдат і афіцэраў, падпольшчыкаў і партызанаў пагутарыць з роднымі і знаёмымі. Франтавыя лісты 1941-1945 гг., нібы гарачыя вугольчыкі, да гэтага часу працягваюць апальваць сэрцы нашчадкаў. Гэта ўнікальныя дакументы, у якіх назаўсёды захаваўся адбітак гераічнага мінулага нашай краіны.
У музейным зборы захоўваюцца франтавыя лісты з асабістага архіва Аляксея Карпюка.