5 сакавіка спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы (сапр. Кандрат Кандратавіч Атраховіч) - беларускага пісьменніка, паэта, сатырыка, драматурга, перакладчыка і грамадскага дзеяча.
Літаратурная дзейнасць Кандрата Крапівы пачалася яшчэ ў Чырвонай Арміі з простай газетнай карэспандэнцыі і фельетонаў на бытавыя і палітычныя тэмы. Пісаў ён тады на рускай мове, але неўзабаве перайшоў на беларускую. У 1922 годзе ў газеце «Чырвоная праўда» адбыўся дэбют Кандрата Крапівы ў друку - фельетон у вершах «Жылі-былі». Першы твор на беларускай мове - сатырычны верш «Сваты» - з'явіўся ў газеце «Савецкая Беларусь» 23 мая 1922 года. У 1925 годзе выйшлі першыя зборнікі паэта «Асцё» і «Крапіва». Асноўнымі жанрамі паэзіі на першым этапе творчасці Кандрата Крапівы сталі байка і сатырыка-гумарыстычныя вершы. Многія эпізоды баек Кандрата Крапівы набылі шырокае народнае гучанне і сталі крылатымі выразамі: «Другі баран ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя», «Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала», «Пад кола жаба не падлазь», «Не можаш памагчы, дык лепей памаўчы».
У пачатку 1930-х гадоў Кандрат Крапіва звярнуўся да драматургіі. У пасляваенны перыяд ён стварыў п'есы «Пяюць жаваранкі» (1950), «Зацікаўленая асоба» (1953), «Брама неўміручасці» (1973), «На вастрыі» (1982). Самы вялікі поспех выпаў на долю сатырычнай камедыі «Хто смяецца апошнім», напісанай у 1939 годзе, дзеянне ў якой разгортваецца ў навукова-даследчым інстытуце геалогіі. Гэтую п’есу ставілі і ў пяцідзесятыя, шасцідзесятыя гады не толькі ў Беларусі, але і на розных нацыянальных сцэнах.
Творы Кандрата Крапівы вострасюжэтныя, насычаныя жывым народным гумарам, вылучаюцца сваёй самабытнасцю і глыбіннай народнасцю. Яны выкрываюць і дасціпна высмейваюць распаўсюджаныя забабоны, бытавое бескультур'е, плёткі, п'янства, шарлатанства. Творы Кандрата Крапівы перакладзены на многія мовы свету. Сам пісьменнік шырока вядомы як перакладчык рускай і замежнай класікі. Ён перакладаў творы Уільяма Шэкспіра, Івана Крылова, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Аляксандра Астроўскага, Антона Чэхава, Уладзіміра Маякоўскага, Аляксандра Твардоўскага, Тараса Шаўчэнкі і іншых.
Кандрат Крапіва быў не толькі літаратарам. Ён таксама аўтар навуковых прац па літаратуразнаўстве і мовазнаўстве, крытычных артыкулаў па беларускай літаратуры. Крапіва быў рэдактарам «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы», «Беларуска-рускага слоўніка», «Руска-беларускага слоўніка». Выбітны знаўца беларускай мовы, Крапіва ўзначальваў тэрміналагічную камісію Беларускай савецкай энцыклапедыі, непасрэдна займаўся распрацоўкай тэрміналогіі ў розных галінах навукі. Ён шмат зрабіў, каб сучасны беларуская мова была больш жывой, сакавітай, каларытнай, адпавядала народнай моўнай стыхіі.
Пісьменнік меў фенаменальную памяць. У старасці ў Крапівы сур'ёзна пагоршыўся зрок, што адбівалася на яго рэдактарскай дзейнасці. Але ён рэдагаваў усе слоўнікі проста па памяці. Захоўваў у сваёй памяці ўсе значэнні, дыялектныя варыянты і паходжанне беларускіх слоў з слоўнікаў. Акрамя літаратуры, было ў Кандрата Крапівы і іншае захапленне - шахматы. Па ўспамінах блізкіх, за шахматнай дошкай ён мог праседжваць шмат гадзін запар.
Творчыя і навуковыя заслугі пісьменніка адзначаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі і ганаровымі званнямі. У 1956 годзе яму было прысвоена званне «Народны пiсьменнiк Беларусi», у 1978 годзе - «Заслужаны дзеяч навукі Беларусі». Пісьменнік ўдастоены звання Герой Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў. Кандрат Крапіва - тройчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.