Вялікдзень – адно з галоўных хрысціянскіх свят. Сярод яго сімвалаў асобнае месца належыць велікоднаму яйку.
Існуюць чатыры разнавіднасці фарбавальнай і дэкаратыўнай практыкі: крашанка, пісанка, драпанка і крапанка. Крашанка – велікоднае яйка, пафарбаванае ў адзін колер. На пісанцы робіцца арнаментальны або сюжэтны узор. Драпанка - яйка, на якое пасля афарбоўкі ўзор наносіцца металічным вастрыём. Крапанка мае аднатонны фон, на якім размяшчаюцца плямы, палоскі ці кропкі. Аднак, часта усе велікодныя яйкі называюць адным словам – «пісанкі».
Згодна з традыцыяй фарбаванне яек ажыцяўляецца ў Вялікі чацвер , а ў Вялікую суботу яйкі разам з пасхай нясуць у храм для асвячэння. Фарбаванымі яйкамі абменьваюцца падчас велікоднага вітання, дораць іх родным, блізкім і суседзям.
Раней пісанку клалі ў саламяны «павук», які падвешваўся ў цэнтры хаты. Лічылася, што велікоднае яйка мела магічную сілу: яно здольна вылечваць хворых, тушыць пажары, дапамагаць у пошуку скарбаў.
Вядомы і розныя велікодная гульні, сярод якіх «чоканне яйкамі». Стукаючы тупым або вострым канцом фарбаванага яйка па яйку суперніка, кожны з удзельнікаў імкнецца выйграць як мага больш цэлых яек.Асабліва такую забаўку любяць дзеці.
Папулярным з даўніх часоў было і «катанне яек». Для гульні на роўным месцы ўсталёўваецца драўляны або кардонны «каток», перад якім раскладваюцца фарбаваныя яйкі. Удзельнікі па чарзе падыходзяць да «катка» і кожны коціць сваё яйка. Выйгрышам станавовяцца закранутыя падчас гульні яйкі. Катаць можна і проста па зямлі, узлезшы на пагорак.
Яшчэ адна забаўка - «кручэнне яек». Падчас гульні яе ўдзельнікі адначасова закручваюць яйкі і глядзяць, чыё пракруцілася даўжэй. Той, хто выйграў, забірае сабе яйкі, якія спыніліся раней.
Захоўваюцца пісанкі і ў нашым музеі.