Лазапляценне, як рамяство, налічвае не адну сотню гадоў. Крэслы, плеценыя з лазы, былі знойдзены нават у грабніцы егіпецкага фараона Тутанхамона (1351-1342 да н.э.). З Егіпта лазапляценне прыйшло на Далёкі Усход, затым у Старадаўні Рым, а ў ХІХ-ХХ стст. дасягнула росквіту ў Еўропе.
Ачагі ўзнікнення лазапляцення знаходзіліся ў раёнах, багатых на вадаёмы і рэкі, а таксама ў балоцістых мясцовасцях. Гэтаму ёсць простае тлумачэнне: матэрыялы для пляцення – вярба, чарот, трыснёг растуць на вільготных глебах. Дарэчы, лаза, сабраная вясной і восенню, адрозніваецца па колеры: восеньская лаза мае прыгожае карычневае адценне, а вясновая лаза так і застаецца белай. На тэрыторыі нашай краіны расце каля 20 відаў лазы.
З даўніх часоў на Беларусі з лазы рабілі загарадзі, кузавы для саней, плялі посуд, рыбалоўныя сеткі і пасткі для птушак і жывёл. Выраблялі з лазы куфры і кошыкі, у якіх захоўвалі агародніну, садавіну, ягады і грыбы. Невялікія прадметы, зробленыя з лазы, звычайна выкарыстоўваліся для захоўвання набораў для рукадзелля і некаторых хатніх дробязей.
У XVIII-XIX стст. вырабы з лазы набылі вялікі попыт у гарадах. Лазу пачалі адбельваць, афарбоўваць і нават пакрываць золатам ці срэбрам. Сплеценыя з лазы кошыкі, дзіцячыя калыскі, цацкі, дарожныя скрыні, валізкі, шкатулкі, мэбля і нават дыванкі многія гады служылі чалавеку, упрыгожваючы яго жыллё.
Інтэр’ры мемарыяльнай кватэры Музея Максіма Багдановіча таксама ўпрыгожваюць вырабы з лазы – плеценыя скрыні і кошыкі канца ХІХ – першай паловы ХХ ст.