Уваходныя білеты

    • Для дарослых 2 руб. 50 кап.

    • Для навучэнцаў ССНУ 2 руб.

      Cтудэнтаў ВНУ

      Пенсіянераў

    • Для школьнікаў (з 7 гадоў) 1 руб. 50 кап.

    • Для інвалідаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы, грамадзян, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, дзяцей да сямі гадоў, дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія атрымліваюць дашкольную, агульную сярэднюю, спецыяльную, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю, музейных работнікаў. бясплатна

Экскурсіі

  • Аглядная экскурсія (да 25 чалавек) 9,00–12,00 руб.

  • Тэматычныя экскурсіі (да 25 чалавек) 15,00 руб.

  • Тэатралізаваная экскурсія (да 25 чалавек) 20,00 руб.

Замовіць экскурсію

Адукацыя

  • Тэматычныя заняткі (да 25 чалавек) 12 руб.

  • Лекцыі (да 25 чалавек) 20,00 руб.

Замовіць навучанне

Іншыя паслугі

  • Прадстаўленне інтэр’ера для фота-відэа здымкі 6,00 руб.

    (да 7 чалавек)

  • Выстаўка (часовая) 20 кап.

    (для ўсіх катэгорый наведвальнікаў)

Экскурсіі ў Музеі Максіма Багдановіча могуць праводзіць толькі штатныя навуковыя супрацоўнікі музея.

Выбраныя творы

Вершы

Санет

1911

Зімой

1910

Лясун

1909

Кніга

1912

Пераклады

Effet de nuit

1911—1912

Азра

1909

Вязень

1915–1916

Паўстанне

1913—1914

Апавяданні

Шаман

1914

Дасюль яшчэ людзі дасведчаныя i сталыя, а памяццю цвёрдыя, тыя часы ў існаванні слаўнага места Віленскага, зайздруючы, згадываюць, калі мыта саляшчае на соль простую i ледаватую ў двакроць паменшана было. Тады ж мяшчане віленскія з ласкі яго каралеўскай міласці i прывілей атрымалі, каб тры дні штогод перад святам нараджэння Icyca Хрыста мёд варыць вольна, нi капшчызны, aнi васковага да скарбу не плоцячы.

Водлуг гэтага ў Вільні за звычай стала гадзіну-другую ў бяседзе за келіхам мёду хатняга сцерці. Таксама i залатар Антон Корж, майстар скрозь паважаны, да крамы сваёй, на Нямецкай вуліцы збудаванай, часам таго або іншага са знаёмых запрашаў, каб вечар зімовы прыстойна ўдвух скаратаць. Гэткім чынам i ў дзень святой Харыціны, каралевы літоўскай, на покуці крамы залатарскай госць, Раман Якубовіч, чалавек добры i рахманы, за карцом поўным ушчэрць сядзеў.

Яшчэ ў моладасці ўзяўся ён постаці пана бога, яго прачыстае маткі i рожных святых вучыцца маляваць, фарбы кволыя на дашчэчках кляновых, гладка выструганых i крэйдай загрунтаваных, з малітвай у сэрцы накладаючы. Пяць год яму вучнем давялося быць ды два гады – падмайстрам; а як тэрмін гэты скончыўся, тады Якубовіч, звычай спаўняючы, са старшай дачкой гаспадара свайго, Агатай, жаніўся i, звання майстра такім парадкам справядліва дайшоўшы, усягды цяпер заработак меў. Уважаючы на гэта, нават i пан Корж яго да сябе запрашаў, хоць, ведама, іконнік залатару раўнёй быць не можа i таксама ад яго розніцца, як, прымерам кажучы, фарба трохграшовая ад золата угорскага, у aгні пяць разоў ачышчанага. Але Корж, крамар заможны i паважаны, на свеце незамала пажыўшы i шмат чаго зведаўшы, людзямі ніколі не пагарджаў, гонару свайго, аднак, нi ў чым не змяншаючы. Так i цяпер ён, мёд цёмна-бурштыновы смакуючы, словы госця свайго ўважліва слухаў.

– Чуткі да мяне дайшлі, – гэтак прамаўляў іконнік Раман Якубовіч, – быццам Сальватор Роза, майстар умелы, а ў працы рупны i здольны, да нашага краю з зямлі італійскай прыехаўшы, абразы на мурах цэркваў полацкix з вучнямі cвaiмi малюе, старыну ў маляванні гэтым рухаючы, а навіны ўводзячы. Дзеля таго абразы тыя ад даўнейшых шмат чым розняцца, i гэтае людзям, у старыне цвёрдым, а да цэрквы божай прыхільным, сталася вельмі не да спадобы.

Ды яшчэ кажуць, быццам італіец той, аб красе толькі дбаючы, а на збаўленне душы сваёй забыўшыся, пaгaнскix багоў i шмат чаго іншага малюе, аб чым іконніку добраму лепш нават i не думаць. Нічога гэтага ў жоднага з майстроў часу старага, а нам у прыклад стаўшага, пабачыць няможна. Найгорш жа тое, што іконнікі полацкія звычаю рускага, а ў працы здольныя i дасведчаныя, навіны гэтыя пераймаюць ды да таго ж i людзей усякіх, нават роду паспалітага, а таксама i рэкі, бары i лугі шмат чаго іншага малююць, i час i працу сваю праз усё гэтае марне трацячы. Бо, здаецца, кожны зразумець можа, што святая iконa пана бога, хаця б i зусім няўдала зробленая, бязмерна больш варта, чым са пся якога-небудзь малюнак найлепшы. Але майстры тыя на гэта не ўважаюць, а таму iконaпicь прыстойная i да старасвецкіх звычаяў прыхільная ў Полацку падупала, праклятым недаверкам на радасць, a ўciм людзям добрым на жаль і на гоpa вялікае.

Тады, бачыўшы, што іконнік гутарку сваю ўжо скончыў, пан Корж карэц з мёдам на бок пасунуў i, не спяшаючыся, пачаў гаварыць:

– Можа стацца, лепей бы мне аб гэтым не размаўляць, бо не столькі я фарбы i пэндзлі, сколькі рэчы свае залатыя i срэбныя ведаю, аздабнейшых ад каторых нi ў Biльнi, aнi ўва ўciм Вялікім Княстве Літоўскім не знойдзеш. Але не варт, усягды мне здавалася, рэч якую-небудзь толькі таму ганіць, што яна для нас за навіну прызнацца павінна. Бо ўсё тое, што цяпер навіною завецца, праз час які старыною мае быць, для людзей ycix станаў – звыклай, а ўшанавання i абароны годнай. Я, дзеля працы сваёй незамала паездзіўшы, i ў чэхах, i ў немцах пабываўшы, шмат чаго на вяку сваім па кpaiнax далёкіх бачыў. Малюнкі тыя, што Сальватор Роза з іконнікамі полацкімі робіць, там скрозь звыклы, i нікога ўжо яны не дзівуюць, людзям yciм, дзеля красы сваёй, у спадобе стаўшы, а майстрам здольным славы i гонару прыдаючы. Тое ж i ў нас, напэўна, мае стацца, калі навіна старыною зробіцца, так што, мабыць, тады людзі полацкія Сальватора Розу шанаваць будуць, хоць нам цяпер гэта i непадобным да праўды здаецца.

– Гэтаксама i думку, быццам iконa ўсягды вялікшую вартасць ад іншага малявання мае, я за несправядлівую мушу ўважаць. Бо не тое, каго майстар малюе, а толькі тое, як ён гэта робіць, толькі здольнасць i ўлежнасць яго могуць малюнку хвалу i каштоўнасць надаваць. Ікону з Острабрамскай маткі боскай, майстрам рупным i добрым памаляваную, за восем або за дзесяць грошаў літоўскіх купляюць, а за тую ж ікону працы вучня няўмелага нічога не даюць. Вось жа вартасць малюнка толькі ад хараства ў выкананні яго залежыць, што, звычайна, кожны iконнік лепш ад мяне ведаць павінен.

Так гаворачы, залатар скрыню дубовую, жалезам акутую, адамкнуў i, дзве ліхтарні срэбныя адтуль дастаўшы, на стол ix з каганцом поруч паставіў i тады сказаў:

– Чалавек разумны да прыкладаў розных ахвотна звяртаецца, думку сваю выкладаючы; ix жа i цар Саламон ужываў, як аб тым пісьмо святое нам кажа. Таксама i Цыцэро i Арыстотэль, людзі мудрыя i ў філасофіі дасведчаныя, хоць верай праўдзівай i не асвечаныя, да прыкладаў вельмі склад маючы, заўшэ з ix карысталіся.

Дзеля таго i я, думкі свае як след растлумачыць жадаючы, ліхтарні гэтыя за прыклад узяць хачу. Роўную яны вагу маюць i з таго ж самага срэбра адліты былі, але ўсё ж ткi адна з ix у семкроць болей другой каштуе, бо аздоблена з умеласцю надзвычайнай. Водлуг жа таго, што ўмеласць i здольнасць тыя толькі ў выглядзе рэчы, або, як іншыя цяпер кажуць, у форме яе з’явіць можна, прызнаць мы мyciм, што каштоўнасць вырабаў прыгожых адно толькі праз красу ix форм узрастае i толькі красою форм каштоўнасць тую мераць можна.

Ува ўciм гэтым праз працу залатарскую як найлепей павінны мы праканацца. Бо чым болей ад работы майстра формы рэчы прыгажосці набіраюць, тым каштоўнейшай рэч гэтая пачынае рабіцца. Таксама i здольнасць майстра тым большай трэба ўважыць, чым лепшую форму кавалку срэбра або золата прыдаць ён здолен. Вось чаму я, хрысціянін не згоршы ад іншых, рэчы свае вырабляючы, адно толькі красу формы пільную ды не думаю аб тым, нашто нанізкі залатыя мае пойдуць: ці то на аздабленне фігуры маткі боскай, або піяка i распуснік які на пакрасу сваю ўжываць ix будзе.

Так казаў Антон Корж, чалавек мудры i красамоўны. Але ўжо ноч настала, i варта па вулках шла, yciм загадываючы, з наказу пана войта, агні гасіць i дзверы зачыняць. Таму iконнік i залатар, вечар прыстойна ў бяседзе правёўшы, краму замком нямецкім моцна замкнулі i развіталіся між сабой, у думках жадаючы, каб дзеля спажытку сэрцу i розуму таксама i далей удвох схадзіцца.

 

Рукапіс гэты, пісаны гаворкай нашай старажытнай, адшукаў i словамі сучаснымі пepaпicaў Максім Багдановіч